Ва Украіне ідэнтыфікавалі расейскага вайскоўца, датычнага да забойства жыхаркі Бучы, апазнанай па манікюры. У Бучанскай гарадской радзе паведамілі, што следчыя высветлілі асобу расейскага вайскоўца, датычнага да забойства жыхаркі Бучы (Кіеўская вобласць) Ірыны Фількінай, якую апазналі па чырвоным манікюры.

«Падазраваны Арцём Тарэеў, 1995 года нараджэння, камандзір 234-га дэсантна-штурмавога палка 76 дывізіі Паветрана-дэсантных войскаў Расеі. Паводле следства, 5 сакавіка 2022 года Тарэеў аддаў загад страляць па ўсіх цывільных асобах, якія з’явяцца ў раёне перакрыжавання вуліць Яблунскай і Вадаправоднай, што ў Бучы. У той жа дзень прыблізна аб 11:15 Ірыну Фількіну, якая ехала на ровары, расстралялі расейскія вайскоўцы — у яе выпусцілі найменей 15 куль з аўтаматычнай зброі і БМД-2», — адзначаецца ў паведамленні мясцовай рады. Здымак забітай Ірыны Фількінай у пачатку расейскай акупацыі Бучы абышоў усе сусветныя СМІ.
Гэта фота стала адным з сімвалаў зверстваў расейскіх вайскоўцаў.






