Вярхоўная Рада Украіны ў новым законе прадугледзела працэдуру, якая дазволіць як мужчынам, так і жанчынам (не толькі вайскоўцам) стаць бацькамі пасля смерці: іх партнёры змогуць выкарыстоўваць замарожаныя рэпрадуктыўныя клеткі, каб нарадзіць дзіця. Гэтыя дзеці будуць прызнаныя роднымі дзецьмі загінулых з усімі правамі, якія прадугледжвае заканадаўства, піша Украінская служба Бі-бі-сі.
Рэвалюцыйнасць дакумента – у тым, што закон упершыню прадугледжвае магчымасць для грамадзяніна распарадзіцца сваімі рэпрадуктыўнымі клеткамі на выпадак сваёй смерці, аб’яўлення судом памерлым ці прапаўшым без вестак. Прытым гаворка ідзе пра любога грамадзяніна, а не толькі вайскоўца.
У той жа час закон прызнае дзейнымі завяшчанні і іншыя натарыяльна засведчаныя волевыяўленні грамадзян адносна іх біяматэрыялу, складзеныя да прыняцця гэтага закона.