BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ва Украіне загінула беларуска Марыя Зайцава, удзельніца пратэстаў 2020 года


У баях супраць расейскіх акупацыйных войск ва Украіне загінула беларуска Марыя Зайцава.

Гэта адбылося пад Бахмутам на паўднёвым усходзе краіны, дзе яна ваявала ў складзе 2-га Інтэрнацыянальнага легіёну. Цела Зайцевой пакуль застаецца ў зоне абстрэлаў.

Два дні таму ёй споўнілася 24 гады. Дзяўчына паходзіла з Гомеля, скончыла адну з найлепшых навучальных устаноў горада — гімназію № 46 імя Блэза Паскаля, дзе паглыблена вывучаюць французскую мову.

У жніўні 2020 года Марыя разам з сябрам прыехала ў Менск спецыяльна для ўдзелу ў пратэстах супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Там яна была моцна траўмаваная светлашумавой гранатай.

Дзяўчына паўтара месяца ляжала ў бальніцы ў Беларусі, а пасля паехала на лячэнне ў Чэхію. Ёй зрабілі некалькі аперацый, але праблемы ўсё адно заставаліся.

У 2022 годзе Марыя далучылася да беларускага добраахвотніцкага руху.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай загінулі не менш за 64 беларусы, якія ваявалі на баку Украіны.