BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вадзім Васюцінскі: Пакуль аптымізм пераважае

Як мяняецца разуменне слова перамога і вера ў яе? Чаму Уладзімір Зяленскі цяпер губляе свой рэйтынг і ці ўкраінцы давяраюць уладам? А ці падтрымоўваюць яны чарговую хвалю мабілізацыі і як яе ўспрымаюць?

Над такімі пытаннямі разважаў наш сённяшні Госць Рацыі доктар псіхалагічных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыяльнай і палітычнай псіхалогіі НАПН (Нацыянальнай акадэміі педагагічных навук) Украіны Вадзім Васюцінскі.

РР: Па вашых адзнаках у які бок зараз змяняюцца настроі ўкраінцаў і іхнае ўспрыняццё вайны, і чаму так?

– Гэтыя змены можна ўбачыць з вынікаў нядаўняга апытання, што было ў лютым. Яно паказвае, што настроі трымаюцца на высокім патрыятычным роўні, але ёсць невялікае паслабленне жадання дзеяць на перамогу, надзея на тое, што ўсё будзе добра. Гэтыя настроі крыху паслабелі. Пакуль што трываем. Я заўсёды казаў, што эмацыйныя арэлі, што мы маем, трываюць далей. І не толькі праз дзень нешта змяняецца ў гэтай інфармацыі, некалькі разоў на дзень мы маем то вось нешта лепшае, то горшае. Гэта вельмі стамляе людзей.

Можна дадаць тое, як знізіўся рэйтынг прэзідэнта Зяленскага. Ён высокі, але ўжо не такі, як быў. Добра гэта, ці дрэнна, залежыць ад таго, як хто ставіцца да Зяленскага. Я яго не вельмі шаную, як прэзідэнта, але не магу сказаць, што гэта мяне цешыць. Бо ў сітуацыях, якія ёсць, аўтарытэт самага высокага кіраўніка мае быць высокі, але маем, што маем. Ён робіць свае памылкі натуральна, часта гэтыя памылкі зусім неабавязковыя, толькі праз ягоны характар.

РР: На вашую думку, ці ёсць нейкія постаці, лідары, якім давяраюць украінцы, на каго арыентуюцца, хто мог бы прывесці да перамогі?

– Быў Залужны, наш галоўнакамандуючы ўзброеных сіл. Яго нядаўна звольнілі, без канфлікту, здаецца. Гэта таксама была адна з прычынаў таго, што папулярнасць Зяленскага знізілася. Вядома, што рэйтынг Залужнага быў вышэйшы за Зяленскага, але ён не прэтэндаваў на ўдзел у палітыцы, ён быў вайсковы. Не ведаю, мо Зяленскі баяўся канкурэнцыі. Новы галоўнакамандуючы не мае такога аўтарытэту. Хаця пасля адстаўкі Залужнага на фронце былі нейкія негатыўныя працэсы, нашыя адышлі, далі некалькі кіламетраў расейцам, не так шмат, але поспехаў не было на лініі фронту. Хаця цешаць поспехі ў сэнсе абстрэлаў расейскай тэрыторыі. За гэты ў нас было шмат паспяховых лучанняў у расейскія аэрадромы, самалёты, караблі.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

Поўнамаштабная вайна ва Украіне ідзе ўжо звыш 2 гадоў. Гэта амаль 800 дзён адстойвання ўкраінскай незалежнасці і спробы вярнуць анексаваныя Расеяй украінскія тэрыторыі.

Беларускае Радыё Рацыя