
Ваяводскі адміністрацыйны суд Варшавы апублікаваў заяву ў сувязі з інфармацыяй пра суддзю Томаша Шміта, які папрасіў прытулак у Беларусі. Суд заяўляе, што Шміт знаходзіцца ў адпачынку з 22 красавіка па 10 траўня, а старшыня суда пакуль не атрымліваў ад яго інфармацыі пра адстаўку.
“У сувязі з паведамленнямі ў СМІ аб суддзі Ваяводскага адміністрацыйнага суда ў Варшаве Томаша Шміта, якія з’явіліся сёння, інфармую, што суддзя Томаш Шміт з 22 красавіка па 10 мая 2024 года знаходзіцца ў адпачынку. Да гэтага часу старшыня Ваяводскага адміністрацыйнага суда ў Варшаве не атрымаў ад суддзі інфармацыі аб адстаўцы з пасады. Кіраўніцтва суда, акрамя паведамленняў у СМІ, не валодае ніякай інфармацыяй, якая тычыцца яго просьбы аб прытулку і заяў аб адстаўцы з пасады”, – гаворыцца ў заяве за подпісам прэс-сакратара суда Малгажаты Ярэцкай.
Нагадаем, суддзя Шміт даў сёння прэс-канферэнцыю ў прэс-цэнтры БелТА ў Менску. Ён заявіў, што падпісаў заяву аб адстаўцы “з прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяннямі ўладаў” і папрасіў прытулку ў Беларусі.
У польскіх СМІ Шміт згадваецца ў сувязі “хейтарскай афёрай” 2019 – скандалам з нападкамі на незалежных суддзяў.