У Кіеве ёсць сквер, названы ў гонар Кастуся Каліноўскага. Аднак пра гэта мала хто ведае, паколькі ў самім скверы пакуль не з’явіўся адмысловы памятны знак. З гэтай нагоды беларусы Кіева і Беларускі грамадзянскі цэнтр абвясцілі конкурс на найлепшы памятны знак у скверы Каліноўскага. Таксама збіраюцца сродкі і на іншае добраўпарадкаванне сквера.

Пра ініцыятывы, звязаныя са скверам Каліноўскага ў Кіеве, распавядае Валеры Сляпухін у гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Пачну з таго, што на дадзены момант абвешчаны конкурс на найлепшы памятны знак у кіеўскім скверы Каліноўскага. Адзін з ініцыятараў акцыі па навядзенні парадку ў скверы акурат Валеры. Адразу пытанне. Давай узгадаем як увогуле ўзнік гэты сквер Каліноўскага ў Кіеве.
Валеры Сляпухін: Гэта была даўнішняя справа, калі я, пасля падзеяў 2020 года, вымушаны быў з’ехаць з Гомеля. Я прыехаў да Кіева, і ў пачатку 2021 года з’явілася такая ідэя – зрабіць нейкі новы тапонім, адпаведны беларускім дзеячам, героям для беларусаў, каб быў гонар нейкі. Калі вырашылі, што гэта будзе постаць Каліноўскага, то сталі шукаць адпаведнае месца, каб можна было перайменаваць. Падавалі аб’явы, заявы. Сустракаліся з адпаведнымі адміністрацыямі. З часам удалося нам перайменаваць адзін са сквераў у Кіеве ў гонар Кастуся Каліноўскага.
РР: Хто далучыўся да гэтай ініцыятывы? Я маю на ўвазе спачатку, каб перайменаваць адзін са сквераў.
Валеры Сляпухін: Гэта была ініцыятыва беларусаў Кіева, то бок, не нейкая асоба, а пэўная колькасць беларусаў, якія там былі. І дапамагала арганізацыя Free Belarus Center, на першым этапе.

Былы Старадарніцкі сквер – 1 цяпер насіць імя Кастуся Каліноўскага.
РР: Ці лёгка было перайменаваць сквер? Ці сустракаліся вы з паразуменнем з боку ўладаў? Як гэта ўсё адбывалася?
Валеры Сляпухін: Не было нават сярод беларусаў такога адчування, што гэта патрэбна нам беларусам, і што мы можам гэта зрабіць у Кіеве, і што трэба гэта для беларусаў. Але большасць вырашыла, што гэта патрэбна, і большасць сказала, што менавіта Каліноўскі. З уладамі былі асобныя непаразуменні, то бок, не было адчування, што гэта павінна быць дзесці ў цэнтры. Такіх месцаў не было. Таму мы шукалі штосьці іншае. Заява, якую мы падалі на разгляд, вырашалася 2-3 ці нават больш месяцаў. Мы чакалі і не было ніякіх зрухаў. Насамрэч можна сказаць так, што выпадковы шанец дапамог нам. Сустрэча з Віталём Клічко паскорыла гэты працэс у разы.
Сквер, які цяпер насіць імя беларускага нацыянальнага героя, знаходзіцца ў Дняпроўскім раёне горада.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя