BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Валянціна Трыгубовіч пра фундацыю Крэчэўскага

Праца і захаваныя архівы Фундацыі Крэчэўскага ў ЗША – гэта частка агульнай беларускай гісторыі і беларускай культуры. Гэта таксама вельмі важны складнік амерыканскай гісторыі і культуры, – распавяла “Госця Рацыі” сябра Рады дырэктараў, архівіст Беларускай фундацыі Крэчэўскага (Belarusian Kreceuski Foundation) Валянціна Трыгубовіч:

РР: Ці маглі б вы распавесці перадгісторыю фундацыі?

– Калі вельмі каротка расказваць, то наша фундацыя – гэта дзіця халоднай вайны. У 50-я гады мінулага стагоддзя тадышні прэзідэнт Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Мікола Абрамчык выказаў такую думку, што беларусам у эміграцыі варта стварыць свой архіў-музей. Каб збіраліся матэрыялы, якія б распавядалі пра жыццё беларусаў у замежных краінах. З ягонай ініцыятывы паўстала гэтая фундацыя. Натуральна, што прайшлі праз усе працэдуры.

На сённяшні дзень гэта амерыканская грамадская арганізацыя, пры гэтым цалкам беларуская арганізацыя. Яна проста мае такі легальны статус у Злучаных Штатах. Мы ўжо адзначалі сваё 60-годдзе, так што арганізацыя, як вы разумееце, дастаткова паважанага веку. Мэты былі такія – стварэнне музею і архіву беларускай эміграцыі.

Мы маем свой будынак, частку якога займае непасрэдна фундацыя, частку якога мы здаём у арэнду, за што маем магчымасць аплачваць усе камунальныя паслугі. Мы збіраем кніжкі, архівы, фатаграфіі. Усё, што толькі можна сабраць у дачыненні да беларускага эмігранцкага жыцця. Маем ужо някепскія зборы, я займаюся іх парадкаваннем.

РР: Што было і што стала? Як за гэты час мянялася фундацыя?

– Фундацыя мянялася вельмі моцна. Па-першае нікому гэта не было патрэбна. Нейкі там архіў, нейкі там музей, усім былі патрэбны песні і танцы. Трэба было ладзіць мітынгі, нейкія сустрэчы, нейкія шэсці, нешта такое. Тое самае, што сёння ў свежай хвалі эміграцыі.

Разуменне таго, каб заставаліся сляды ад гэтай усё працы, былі ў не вельмі шматлікіх галовах. Таму тое-сёе засталося. Калі я займаюся гэтымі эмігранцкімі справамі, то адразу пераскокваю і на сучасную эміграцыю. Маладыя людзі, якія прыязджаюць, ім здаецца, што яны першыя эмігранты, яны адкрываюць Амерыку.

Я не буду гаварыць пра іншыя краіны, а толькі пра Злучаныя Штаты, што яны тут увогуле першыя эмігранты ў свеце. Я апошнім часам разбіраючы кнігі, якія ўдава Янкі Запрудніка перадала ў фундацыю, наткнулася ў тым ліку і на кніжку Дантэ “Боская камедыя”. Я гэтую кніжку не трымала ў руках са студэнцкіх часоў. Цяпер раптам са здзіўленнем адкрыла, што Дантэ таксама быў эмігрантам.

Яго выгналі з Фларэнцыі, потым завочна судзілі і прыгаварылі да смяротнага пакарання. Ён ніколі ўжо не вярнуўся на сваю Радзіму. Ён амаль палову жыцця правёў у эміграцыі. Гэта быў канец 13-га пачатак 14-га стагоддзя, уявіце сабе. Так што эміграцыя мае страшэнна доўгую гісторыю, як з’ява. Маладым хацелася б сказаць, што тая хваля паваенных эмігрантаў, класічная наша беларуская эміграцыя, яны таксама былі перакананыя, што яны вернуцца.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларуская фундацыя Крачэўскага — гэта некамерцыйная арганізацыя, заснаваная беларусамі-эмігрантамі ў Нью-Ёрку ў 1959 годзе. Названая ў гонар Пятра Крэчэўскага, першага старшыні Выканаўчай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі.

Беларускае Радыё Рацыя