2 лістапада ў Варшаве адбыўся марш беларусаў, прымеркаваны да Дня памяці продкаў, які распачаўся а 15:00 на плошчы Юзэфа Пілсудскага. На традыцыйнае свята беларусаў – памінанне продкаў – прыйшло каля 100 чалавек. Прысутнічалі прадстаўнікі Кабінета Святланы Ціханоўскай: Аліна Коўшык і Павел Латушка. Быў зачытаны зварот Зянона Пазьняка да ўдзельнікаў свята.
Распачаў мерапрыемства ўступным словам ксёндз Вячаслаў Барок:
– Свае акаўнты ў сацыяльных сетках не падпісвайце па-расейску, па-польску, падпішыце па-беларуску. Вызначыцеся кім вы ёсць. Мы беларусы. Узгадайце сваё імя беларускае. Узгадайце сваю мову. Узгадайце сваю культуру. Сваю гісторыю. Гэтым жывіце. І здабудзеце гэтую перамогу над манкуртам. Будуць чакаць нас яшчэ большыя перамогі.
Невялікая яркая калона пад бел-чырвона-белымі сцягамі пад гукі дуды і барабана прайшла ад плошчы Юзэфа Пілсудскага да плошчы Замковай з прыпынкам ля помніка Адама Міцкевіча. Людзі неслі плакаты, партрэты загінуўшых у турмах беларускіх палітзняволеных.
Арганізавала свята партыя Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя