Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны ўзнагародзіла пасмяротна чацвярых беларусаў байцоў Беларускага добраахвотніцкага корпуса знакам «За мужнасць пры выкананні спецзадання». Па розных звестках, у баях за Украіну ўжо загінулі каля 40 беларускіх добраахвотнікаў. Імёны большасці з іх не называюцца з мэтаў бяспекі. І колькасць такіх загінулых – адкрыты спіс.

Вольга Сямашка пагутарыла з былым байцом Палка Каліноўскага, малодшым афіцэрам Васілём Верамейчыкам пра тое, як пачуваюць сябе міжсобку і агулам на вайне беларускія добраахвотнікі ва Украіне; калі можа скончыцца вайна ва Украіне ў 2024 годзе; ці могуць паўплываць на гэта выбары ў ЗША ці Расеі; на чым далей выбудоўваць беларускую супольнасць у выгнанні і калі ўжо беларусам час вяртацца на Радзіму.
РР: Распавядзіце крыху пра сябе. Ці маеце праблемы з легалізацыяй пасля вайсковай службы?
Васіль Верамейчык: Я калісьці скончыў ліцэй БДУ. Пасля ліцэя служыў у войску. З войска паступіў у ваенную акадэмію. Скончыў вайсковую службу на пасадзе камандзіра роты ў Пячах у званні лейтэнанта. На пачатку вайны ва Украіне ўдзельнічаў у стварэнні Палка Каліноўскага, тады яшчэ батальёна і нават роты, бо жыў у Львове, і з першымі добраахвотнікамі на пяты дзень прыехаў у Кіеў.

Першыя паўгода ўдзельнічаў у стварэнні Палка і ў баявых дзеяннях. Быў намеснікам камандзіра батальёна «Волат» «Брэста».
Зараз ёсць некаторыя праблемы з легалізацыяй, таму што пашпарт беларускі я памяняць не магу, яго тэрмін хутка скончыцца. І адначасова пачаліся ў людзей, якія былі сілавікамі, праблемы ў Літве, дзе я падаваўся па працы жонкі. У ВНЖ у Літве мне адмовілі. І загадалі выехаць з краіны. Пакуль што ўсе спробы гэта адмяніць не маюць ніякага поспеху.
Адначасова ўнутры палка Каліноўскага, калі я сыходзіў, былі ўжо канфлікты. Я змог яшчэ раз заехаць ва Украіну ў верасні 2022 года. Але потым даведаўся праз давераных людзей, якія мне дапамагалі, што ў мяне забарона на ўезд ва Украіну ад СБУ на тры гады. Там ёсць цэлы спіс. Адзін хлопец з гэтага спісу паспрабаваў заехаць, ён ехаў у вайсковую частку працягваць службу, і яго не пусцілі на мяжы. Я ўжо спрабаваць не стаў.
РР: А ці звярталіся вы па нейкую дапамогу, напрыклад, да таго ж Кабінета Ціханоўскай з легалізацыяй?
Васіль Верамейчык: Я меў некаторыя кансультацыі, пакуль што неафіцыйныя, спадзяюся, што да пачатку лета будзе штосьці больш зразумела. Проста калі Літва адмаўляе ў ВНЖ, яны адначасова забараняюць уезд у Шэнген. Бо каб у Польшчы падавацца на бежанства, трэба заехаць у Польшчу. Магу сказаць, што абяцалі дапамогу, Сахашчык з кабінету і юрысты беларускія. Дзякуй усёй беларускай эміграцыі. Усе дапамагаюць як могуць.

РР: На фоне ўсяго гэтага, як вы зараз назіраеце колькасць і эфектыўнасць усіх беларускіх добраахвотнікаў, якія засталіся ва Украіне, колькі ўсяго існуе такіх баевых адзінак? Ці ёсць паміж імі супраца? Як ім можна зараз дапамагчы?
Васіль Верамейчык: Гэта вялікая праблема, якая вынікае з таго, што аб’ядноўвае толькі перамога, а адсутнасць перамогі, ці параза – яна нікога не аб’ядноўвае. Зараз амаль ніякай супрацы паміж рознымі групамі беларускіх добраахвотнікаў няма, што вельмі дрэнна. Яны распадаюцца. Але дапамагчы можна. Трэба дапамагаць асабіста. Ты ведаеш, што гэты чалавек там зараз ваюе, напрыклад, у складзе Палка Каліноўскага ёсць батальён «Волат», усе ведаюць гэтых людзей, напрыклад, Дзяніса Урбановіча. І ім трэб адапамагаць.
Некалькі месяцаў таму спрабавалі сабраць невялікую канферэнцыю з прадстаўнікоў добраахвотніцкіх груповак. Усе пагадзіліся на той момант, і з Другога інтэрнацыянальнага батальёну, і з 79-й брыгады, дзе рота Сахашчыка, і з батальёну «Волат», і з Першага інтэрнацыянальнага легіёну. Усе пагадзіліся. Штаб Палка адмовіўся прысутнічаць. Яны маніпалізуюць усю добраахвотніцкую тэму. Таму зараз амаль ніякай супрацы няма.
Цалкам размова:

З «Госцем Рацыі» – былым байцом Палка Каліноўскага, малодшым афіцэрам Васілём Верамейчыкам, размаўляла Вольга Сямашка.






