Знаходка да юбілею. Адшукалася фота першай беларускай пачатковай школы. Здымак свайго
сваяка ў аўтамабілі пад шыльдай гэтае ўстановы выклала ў «Фэйсбуку» жыхарка нямецкага гораду Вэрмэльскірхэн Маргрэт Цісэн.

Фота з сямейнага архіву Маргрэт Цісэн (Margret Thissen).
Праз Балтыйскі гістарычны форум яна хацела высветліць, дзе мог быць зроблены здымак, датаваны пэрыядам 1-й Сусьветнай вайны. Сябра Нямецка-беларускага таварыства Алесь Чайчыц паклікаў на дапамогу знаўцаў. На выяве, праўдападобна, ганак першай беларускай пачатковай школы, якая была адкрытая ў Вільні падчас нямецкае акупацыі гораду 13 лістапада 1915 года.

Выразка з газэты Іскра №7, 1925 г.
Школа размяшчалася на Свята-Юрскім праспекце 44 (цяпер праспект Гедыміна). Яе арганізаваў Беларускі камітэт помачы ахвярам вайны. Такім чынам, сёлета спаўняецца 110 год з моманту той падзеі.
Беларускае Радыё Рацыя






