З Беларусі з´ехала многа лекараў, асабліва пасля 2020 года. Хоць адток лепшых спецыялістаў пачаўся яшчэ і да 2020-га года. І да гэтага часу працэс ад´езду не спыніўся, як і не спыніліся арышты дактароў за падзеі амаль пяцігадовай даўніны.

Паразмаўлялі з госцяй Радыё Рацыя лекарам Вікторыяй Галёнкай пра тое, што чакае яе беларускіх калег у Польшчы, да чаго трэба падрыхтавацца, што трэба ведаць.
РР: Якія этапы настрыфікацыі беларускага медыцынскага дыплома ў Польшчы?
Вікторыя Галёнка: Калі гаварыць толькі пра настрыфікацыю, гэта прызнанне дыплома, то трэба здаць экзамен па мове, трэба падаць дакументы ў якую-небудзь акадэмію якога-небудзь горада, атрымаць згоду рэктара на настрыфікацыю дыплома. Кожная акадэмія мае крыху розны тып настрыфікацыі. Гэта або гутарка, або здача экзаменаў. І яшчэ адна рэч важная. Трэба прывезці план і колькасць сваіх навучальных гадзін са сваёй акадэміі, каб перад настрыфікацыяй палічылі, што трэба дадаць. Якіх прадметаў і колькі гадзінаў не хапае. Для маладых гэта можа быць адзін-два прадметы. Для больш старэйшых, хто раней закончыў, гэта можа быць праблемай, таму што праграмы моцна адрозніваюцца. Гэтая настрыфікацыя ідзе праз суд вышэйшай медычнай ўстановы.
Але ёсць іншы шлях. Яго адкрылі падчас эпідэміі кавіда. Замежнік з дыпломам прыязджае ў краіну, піша заяву міністру аховы здароўя і атрымлівае ад міністра дазвол на працу з умоваю, што на працягу пяці гадоў пройдзе працэдуру настрыфікацыі. На аснове гэтага дазволу, без здачы экзамену па мове, лекар можа працаваць у адной структуры і рыхтавацца да настрыфікацыі. Пасля настрыфікацыі, калі яе ўжо пройдзеш, трэба прайсці паслядыпломны гадавы стаж. Гэта ўжо тады, калі настрыфікаваны дыплом. І пасля гэтага стажу лекар замежнік атрымлівае права на працу па прафесіі. І сам ужо шукае, дзе будзе працаваць.
РР: Ці трэба даздаваць дадатковыя экзамены па польскай мове, або па спецыяльнасці?
Вікторыя Галёнка: У першым выпадку настрыфікацыі экзамен па мове будзе. А ў выпадку дазволу міністра, там гэтага экзамену няма. Па спецыяльнасці экзамену няма. Ёсць параўнанне праграм навучальнай установы, якую закончыў лекар, і праграмы навучальных устаноў Польшчы. І вось гэтую розніцу дапрацоўваюць і гадзінамі гэтай праграмы, і здачай экзамену.
РР: Ці прызнаюць у Польшчы беларускую спецыялізацыю, напрыклад, хірургія, педыятрыя.
Вікторыя Галёнка: Тэарэтычна так. Але працэс прызнання вельмі складаны, я не ведаю ніводнага лекара, які гэта зрабіў.
РР: Якія спецыяльнасці найбольш запатрабаваныя?
Вікторыя Галёнка: Ёсць вызначэнне дэфіцытных спецыяльнасцяў. Кожны год вызначаюць, якая спецыяльнасць з’яўляецца дэфіцытнай у Польшчы. На сёння дэфіцытная спецыяльнасць гэта – сямейная медыцына, анестэзіялогія, педыятрыя, можа быць яшчэ адна-дзве.
Цалкам размова:
Паводле Вікторыі Галёнкі, праблему з недахопам лекараў, якая існавала і яшчэ існуе ў Польшчы, зараз актыўна дапамагаюць вырашаць беларускія дактары.
Беларускае Радыё Рацыя