Беларусы Вільні падчас Дзядоў ушанавалі памяць вядомых беларусаў на могілках Росы і Бернардынскіх. На выходных туды былі арганізаваныя экскурсаводамі шпацыры памяці, а таксама Беларускі касцёл Святога Барталамея зладзіў на могілкі працэсіі парафіян. Да таго ж некаторыя беларусы наведвалі могілкі ў прыватным парадку.

Паводле кіраўніка Таварыства беларускай культуры ў Літве Алеся Адамковіча, вядомыя віленскія беларусы-каталікі мелі за гонар хавацца на могілках Росы:
– Гэтыя могілкі былі самымі папулярнымі і вядомымі, і кожны лічыў за гонар там быць пахаваным, і таму вельмі шмат беларускіх дзеячаў там. Многія магілы не раскіданыя па тэрыторыі могілак, а знаходзяцца кампактна на Літарацкай горцы. Таму, калі наведваем Росы, вельмі проста і вельмі лёгка адшукаць, з большага магілы ў адным месцы.
Як зазначае беларуска, віленская экскурсаводка, на пачатку могілкі Росы не былі папулярным і прэстыжным месцам для пахавання:
– Больш значныя могілкі былі каля храмаў унутры горада, а гэта было такое месца на выселках. Але тут першым пахавалі бургамістра Яна Мюлера, і ён, можна сказаць, паказаў сваім прыкладам, што нават бургамістр тут можа быць пахаваны. І так апынулася, што гэтыя могілкі сталі фактычна Пантэонам для некалькіх нацый – для палякаў, для літоўцаў і для беларусаў.
На могілках Росы на выходных 1-2 лістапада беларусы ўшанавалі дзеячаў 19 пачатку 20-га стагоддзя – Антона і Івана Луцкевічаў, Лявона Вітан-Дубейкаўскага, Казіміра Сваяка, Францішка Аляхновіча, Уладзіслава Сыракомлі, родных нарачонай Кастуся Каліноўскга Марыі Ямант, Кастуся Каліноўскага ды іншых.




















































Беларускае Радыё Рацыя






