У сталіцы Літвы ўжо ўсталявалі галоўную ялінку на Кафедральнай плошчы, якую запаляць у пятніцу, 29 лістапада. Таксама ў гэты дзень там пачнецца калядны кірмаш.
Ужо другі год запар улады Вільні аддаюць перавагу натуральнай ялінцы з мінімальнымі дадатковымі канструкцыямі. Канешне, яна не ўражвае так, як уражвалі мінулыя, якія прызнаваліся самымі прыгожымі ялінкамі Еўропы, але і такая натуральнасць шмат каму даспадобы. Тым больш і фінансаў на гэта выдаткоўваецца менш.
Галоўная ялінка ўпрыгожана ў выглядзе ёлачнай цацкі-шара. Вялікая цацка будзе ззяць не толькі вакол ёлкі, але і ва ўсім горадзе з’явіліся дэкарацыі, якія нагадваюць ёлачныя цацкі.
У сталіцы прыватныя арганізацыі і дзяржаўныя ўстановы ўжо збольшага ўпрыгожылі свае будынкі, а некаторыя якраз зараз працягваюць гэты працэс.
Сёлета заўважна, што няма той вялікай пампезнасці, якая была раней, але асобныя кампазіцыі прыцягваюць позірк жыхароў і турыстаў горада.
Срэбны месяц ды іншыя яркія дэкарацыі паўсталі каля кафэ Sugamour, гатэляў Radisson і Narutis, Віленскага цэнтра інфармацыі для турыстаў, кавярняў на вуліцы Замкавай (Пілес) у Вільні ды іншых.
А вось як упрыгожаныя сёлета ўсім вядомыя вуліцы Вокечу і Сціклю – гэта вартае асобнага фотарэпартажу.
Беларускае Радыё Рацыя