Беларускі спартыўна-адукацыйны клуб “Волат” запускае ў Варшаве турыстычны накірунак. У рамках яго арганізатары плануюць развіваць традыцыі беларускага самавыяўлення праз спорт, адукацыю і турызм. Пэўную падтрымку акажуць тут і палітвязням.

Падрабязнасці праекту Госць Рацыі – кіраўнік клубу Віталь Рак – распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.
РР: Ствараеце турыстычны клуб. У чым будзе яго адметнасць?
Віталь Рак: Яго адметнасць будзе ў тым, што, па-першае, гэта не нейкі там асобны праект, а гэта адна з інтэгральных структур нашага клуба. То бок, «Волат» ужо становіцца такім «парасонам», пад якім адпачкоўваюцца розныя іншыя структуры, у тым ліку і турыстычны клуб. Гэта адзін з інструментаў нашай агульнай працы. Нашая агульная праца – гэта праца з беларускім народам, і з нашымі братнімі народамі – палякамі, украінцамі, у плане ўмацавання, захавання сваёй нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці, і вывучэнне агульных нейкіх гістарычных момантаў, калі мы разам былі, супрацоўнічалі і перамагалі агульных ворагаў. То бок, гэта не проста турыстычныя вандроўкі, у нас сур’ёзная падрыхтоўка плануецца, у тым ліку розныя моманты з навігацыяй, арыентаваннем на мясцовасці, тапаграфіяй, медычнай падрыхтоўкай, такія рэчы, як бушкраўт, сурвайвал, то бок, больш такія жорсткія формы турызму. Наколькі я ведаю, гэта не адзіны турыстычны клуб, створаны беларусамі ў Польшчы, але адзіны, які менавіта падкрэслівае культурны беларускі грунт і прыналежнасць да беларускага нацыянальнага руху.

РР: Давайце спынемся на саміх занятках. Вы назвалі некалькі тэрмінаў, патлумачце, што гэта азначае для недасведчаных, і наогул хто будзе выкладаць гэтыя заняткі?
Віталь Рак: Напэўна для большасці незразумелыя такія тэрміны як бушкаўт і сурвайвал. Бушкраўт – гэта знаходжанне ў лесе не з мэтай турызму ці нейкай вандроўкі, а з якімі-небудзь іншымі мэтамі, напрыклад, ты проста вымушаны жыць у лесе. А сурвайвал – гэта больш жорсткая форма, у дакладным перакладзе гэта «выжыванне». Гэта калі ствараецца нейкая экстэмальная сітуацыя, ты з абмежаваным наборам рэчаў аказваешся ў нейкім прыродным асяроддзі. Не абавязкова гэта лес, гэта могуць быць горы, пустыня. І вось з тым, што ў цябе ёсць – з тым ты і выжываеш. Напрыклад, у цябе ёсць вяроўка і нож і ўсё, і з гэтым ты выжываеш.
Заняткі ў нас будзе праводзіць кіраўнік тур-клуба Зміцер. Ён займаўся турызмам яшчэ ў Беларусі – турызмам, краязнаўствам, пошукавымі аперацыямі. Ён займаўся пошукам, каталагізацыяй загінуўшых салдат часоў Другой сусветнай вайны. Супрацоўнічаў з рознымі выканкамамі. І ўсе жыццё правёў у розных турыстычных вандроўках, лагерах, пошукавых аперацыях. Наш чалавек, беларускамоўны, удзельнічаў у вызвольных дзеяннях у 2020-2021 годзе. І вымушаны быў з’ехаць. Ён ужо распрацаваў праграму, яна прэзентаваная на нашым сайце. Зміцер ужо мае дакументы польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства. Прайшоў адмысловыя курсы і мае права быць інструктарам менавіта турызму, афіцыйна па польскаму заканадаўству.
Цалкам матэрыял:

Цяпер клуб “Волат” функцыянуе ў Варшаве па адрасе: ul. Malawskiego 6.
Больш інфармацыі пра аб’яднанне можна знайсці на яго сайце: https://www.volat.pl/
Беларускае Радыё Рацыя






