Сітуацыя на мяжы. Паводле Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, мінулай ноччу памежнікі праводзілі аперацыю па пошуку кантрабандыстаў у наваколлях вёскі Паўдрыёніс недалёка ад мяжы з Беларуссю. На дарозе яны заўважылі аўтамабіль VW Passat. Калі памежнікі паспрабавалі спыніць кіроўцу, той дадаў хуткасць.

Па першапачатковых даных, памежнік зрабіў адзін стрэл з табельнай зброі ў шыну аўтамабіля. Праз некаторы час аўтамабіль спыніўся. На сядзенні кіроўцы быў знойдзены грамадзянін Літвы, смяротна паранены стрэлам з пісталета. У машыне знаходзіліся пакаванні з меркавана кантрабанднымі цыгарэтамі. Паліцыя пачала дасудовае расследаванне.
Стала вядома, што застрэлены мужчына — віленчук 1980 г. н. з крымінальным мінулым. Ён быў неаднаразова судзімы за розныя злачынствы, у тым ліку за парушэнне дзяржаўнай мяжы і захоўванне акцызных тавараў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: VSAT






