У руцэ лялькавода вузлік зацягваецца ўсё тужэй і тужэй. То пад шыльдам умацавання духоўных каштоўнасцяў Раскамнагляд пашырыў спіс ненарматыўнай лексікі, забароненай у сродках масавай інфармацыі (і гаворка не толькі пра словы, утвораныя ад вядомых чатырох каранёў); то расейскія заканадаўцы прынялі закон, паводле якога пошук «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у Інтэрнэце можа скончыцца штрафам. Гэта могуць быць і песні, і выявы, і кнігі — у адкрытым спісе на сайце Мінюста РФ больш за пяць тысяч запісаў. Але як бы не дзейнічала інтэрнэт-цэнзура, людзі могуць абысці блакіроўкі праз VPN. Натуральна, калі толькі яны сапраўды захочуць атрымаць інфармацыю па-за межамі салаўёўска-скабееўскіх ток-шоу. А вось беларусы маюць горкі досвед з цэнзурай: яна існуе ў фізічнай прасторы.
Сілавікі могуць спыніць проста на вуліцы, у студэнцкіх інтэрнатах ці ў цягніках і запатрабаваць паказаць тэлефон. Таму лічбавая гігіена шляхам “чысткі” перапісак і выдаленні так званых нелаяльных ТГ-каналаў стала неад’емнай часткай звычайнага жыцця. Але вернемся да вузла. У камітэт Дзярждумы па абароне сям’і паступіла ініцыятыва ад пільных актывістаў пра новы спосаб барацьбы з дэмаграфічным крызісам. То бок зноў гаворка ідзе пра нешта духоўнае і “скрэпнае”, што звычайна служыць маскай для чарговага рыўка лялькавода.

Халасцякоў, якія цягам трох месяцаў не спрабуюць стварыць сям’ю, прапануюць прызваць на службу (чытай – адправіць “мясам” на СВА). Такім чынам можна адразу забіць двух зайцаў: і нараджальнасць падняць, і фронт падмацаваць. Механізм выяўлення халасцякоў пакуль незразумелы. І з якога моманту пачынаецца трохмесячны тэрмін – таксама. А калі трапіў на фронт і сустрэў там не зусім традыцыйнае каханне — лічыцца? Ці “скрэпнасць” на гэта не распаўсюджваецца? Тады трэба унесці ў камітэт Дзярждумы па абароне сям’і прапанову пра стварэнне шлюбнага патруля. А тым часам лялькавод сядзіць сабе, ухмыляецца і разважае: за якую вяроўку цяпер цягнуць, каб вузлік не развязаўся.
Ліза Ахроменка






