Госць Рацыі – Лукаш Леанюк – беларускі і беластоцкі грамадскі дзяяч, а таксама “бацька” беластоцкіх мядзведзікаў і півавар.

РР: Піваварэнне – гэта хобі, якое перарасло ў прафесію?
Лукаш Леанюк: Так. 19 гадоў таму я пачаў варыць сваё піва. Я меў тады 18 гадоў ужо і пачаў у хаце бацькоў варыць сваё піва. Першымі маё піва ацанілі сябры. Я рабіў піва напачатку са сваім сябрам. Яно падабалася знаёмым і мы рабілі штораз больш і больш. І праз 10 гадоў дайшло да 500 варак і 50 – 60 гатункаў піва.
РР: Лукаш Леанюк у Беластоку асацыюецца з мядзведзікамі. Усё больш і больш іх у горадзе. Дарэчы, колькі ўжо?
Лукаш Леанюк: Маем ужо 16 фігурак, якія паўставалі з 2021 года. Яны невялікага росту – 30-50 сантыметраў.
РР: А можа дачакаемся сапраўднага такога мядзведзя – два метры?
Лукаш Леанюк: Гэта адкрытае пытанне, калі хтосьці захацеў бы зрабіць такога мядзведзя. Бо яны рэалізуюцца ў рамках грамадскага бюджэту горада Беластока. Я не буду намагацца зрабіць такога вялікага мядзведзя, мая думка, каб яны былі невялікага росту і каб іх трэба было шукаць.
РР: Беласток і Беласточчына дзесьці далёка асацыюецца з мядзведзямі?
Лукаш Леанюк: Так, часта сустракаюся з такім, што Беласток, Падляшша – гэта тэрыторыя на поўначы, тут зіма цэлы год, ходзяць па вуліцы мядзведзі. Трохі смяюцца з нас. А я хацеў проста, каб і мы з сябе смяяліся, бо гэта найлепшы рэцэпт, каб іншая асоба з нас не смяялася. Гэта адная з ідэяў.

РР: А ў цябе ёсць улюбёны мядзведзік у Беластоку?
Лукаш Леанюк: Мой улюбёны мядзведзік – “Урсідо”. На мове эсперанта “урсідо” – гэта мядзведзік. Ён стаіць у месцы, дзе быў дом Лазара Заменгофа – стваральніка мовы эсперанта. Ён невялічкі, файны і нагадвае пра шматкультурнасць нашага рэгіёну.
РР: На беластачан у Польшчы кажуць таксама “сьледзі”. А можа паставіць вялікі помнік селядцу побач з мядзведзем?
Лукаш Леанюк: Але гэта ідэя раней, чым мядзведзі, узнікла. Была такая думка і было галасаванне ў грамадскім бюджэце на помнік селядцу. І ён прайграў. Думаю, на беластачан так кажуць, але яны не захацелі мець такі помнік. Але ёсць мядзведзікі, якіх я стварыў, якія трымаюць і прадаюць селядцоў. Напрыклад, мядзведзь “Гандляр”, які стаіць ля адной з беластоцкіх крамаў і ў яго кошыку ёсць беластоцкія селядцы. Ёсць мядзведзь “Святы Мікалай”, які выцягвае з мяшка селядцы для малых мядзведзікаў. Ёсць таксама мядзведзь “Кінаман”, які сядзіць у фатэлі з мяшком, у якім селядцы, а не з папкорнам.
РР: А мядзведзь з куфлем піва ёсць?
Лукаш Леанюк: Мядзведзь “Півавар”, думаю, будзе. Толькі мушу даведацца, дзе ў Беластоку былі старадаўнія бровары.
РР: А ці будуць яшчэ чарговыя мядзведзікі?
Лукаш Леанюк: А гэта залежыць ад беластачан, ад слухачоў Беларускага Радыё Рацыя таксама. Бо ў кастрычніку будзе чарговае галасаванне за грамадскі бюджэт. І ведаю, што мой праект будзе на гэтым галасаванні. За першы праект прагаласавала амаль 700 чалавек. За другі – 7 000.
У нядзелю 21 лiпеня ў 17.00 будзе шпацыр па месцах знаходжання новых мядзведзiкаў у Беластоку. Пачатак экскурсii ад Лялечнага тэатра, што па вулiцы Калiноўскага. А неўзабаве выйдзе з друку адмысловая мапа, дзе будзе пазначана месцазнаходжанне ўсiх беластоцкiх мядзведзiкаў.





Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя