22 жніўня 2025 году ў цэнтры Беластока каля палаца Браніцкіх адбылося адкрыццё новых стэндаў выставы «Мінулае вачыма сучаснасці. Беласток 39».

Выстава падрыхтавана супрацоўнікамі музея Памяці Сібіры і на сустрэчы выступіў дырэктар музея Памяці Сібіры, прафесар Войцех Слешынскі.
Прафесар заўважыў, што важна памятаць моманты акупацыі Другой сусветнай вайны:
– Канешне, мы хацелі б згадаць перадусім пазітыўныя фрагменты нашага жыцця. Але не мусім забываць і пра тыя трагічныя падзеі часоў савецкай акупацыі 1939 – 1941 гадоў, пасля якой паўстала іншая акупацыя – нямецкая. Першая акупацыя, савецкая, – гэта чатыры вялікія дэпартацыі. Затым акупацыя нямецкая – гэта перадусім злачынствы з ліквідацыяй яўрэйскага насельніцтва Беластоку.

Па словах намесніка прэзідэнта горада Беласток Рафала Рудніцкага, – вельмі важна памятаць розныя моманты гісторыі горада:
– На падобных ініцыятывах Музея памяці Сібіры мы стараемся нагадваць беластачанам пра мінулае нашага горада, пра мінулае, якое нярэдка было вельмі трагічным, часта прычынай бед была блізкасць да усходніх граніц. Таму ў 20 стагоддзі нам гэта прыносіла розныя балючыя праблемы. Спачатку гэта польска-бальшавісцкая вайна. Дарэчы, запрашаем на рэканструкцыю Беластоцкай бітвы.
У адрозненне ад стандартных выстаў у гарадской прасторы, выстава «Мінулае вачыма сучаснасці. Беласток 39» не абмяжоўваецца адным месцам. Яна складаецца з дзевяці элементаў, якія можна адкрыць для сябе па ўсім горадзе падчас кароткай прагулкі. Выстава будзе даступная для ўсіх жыхароў і гасцей Беластоку да 28 верасня.


Беларускае Радыё Рацыя






