У ноч на 17 студзеня ў паветраную прастору Польшчы з тэрыторыі Беларусі ўвайшлі некалькі дзясяткаў неапазнаных аб’ектаў. Пра гэта паведаміла Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы.
Інцыдэнт на працягу ўсёй ночы знаходзіўся пад маніторынгам вайсковых і грамадзянскіх службаў. Польскія ўлады не выключаюць, што здарэнне магло мець характар правакацыі, замаскаванай пад кантрабандную дзейнасць.
У Бюро нацыянальнай бяспекі адзначылі, што сітуацыя пастаянна аналізавалася на падставе звестак, якія паступалі ад розных ведамстваў. Там нагадалі, што падобны выпадак ужо меў месца ў ноч з 24 на 25 снежня 2025 года, калі з беларускага напрамку ў паветраную прастору Польшчы заляцелі 59 аб’ектаў.
Польскія ўлады заклікалі грамадзян сачыць за афіцыйнымі паведамленнямі паліцыі і Памежнай службы. У выпадку выяўлення падазроных прадметаў, упакоўкаў або фрагментаў, якія могуць быць звязаныя з інцыдэнтам, просяць не набліжацца да іх і неадкладна паведамляць адпаведным службам.
Напэярэдадні польскія пагранічнікі выявілі чарговую партыю нелегальных цыгарэт, перапраўленых з Беларусі на тэрыторыю Польшчы з дапамогай метэазондаў.

Як паведамілі ў Падляшскім аддзеле Пагранслужбы, кантрабандныя пасылкі былі выяўлены ў прыгранічным рэгіёне. Польскія службы праводзяць мерапрыемствы па ўстанаўленні асоб, якія маюць дачыненне да адпраўкі і атрымання грузу.






