BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

З Латвіі ў Беларусь уцёк прарасейскі журналіст Аляксееў

Латвійскі журналіст Юры Аляксееў, які прытрымліваецца прарасейскіх поглядаў, уцёк з Рыгі ў Беларусь, паведаміў у сваім тэлеграм-канале супрацоўнік медыя Russia Today Аляксей Стэфанаў, піша «Позірк».

Стэфанаў сцвярджае, што ў Латвіі 66-гадовага Аляксеева «маглі ўжо ў аўторак адправіць у турму на год і месяц за нібыта распальванне варожасці» за каментары, якія «ад яго імя» пісалі невядомыя «з заклікамі знішчаць латышоў». Цяпер Юра ў Менску ў сяброў», — заявіў супрацоўнік RT. Пра далейшыя пляны Аляксеева не паведамляецца.

Ураджэнец Нарыльска Юры Аляксееў у Латвіі ў розны час быў галоўным рэдактарам выданняў «Бизнес&Балтия», «Коммерсант Baltic», «Бизнес.lv». У студзені 2023 году Рыскі раённы суд асудзіў Аляксеева па сукупнасці абвінавачанняў да 1 года і 1 месяца пазбаўлення волі, але ён застаўся на волі — яму ўсталявалі ўмоўна-датэрміновы нагляд на год.

Пасля расейскага ваеннага ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 году з дэмакратычных краінаў у Беларусь рэгулярна ўцякаюць прыхільнікі Расеі і Лукашэнкі. Адзін з самых вядомых перабежчыкаў — былы польскі судзьдзя Томаш Шмыт.