BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

З Літвы штогод з’язджае вялікая колькасць беларусаў

З Беларусі з’ехала каля 800 000 беларусаў, па дадзеных ААН. Большая частка з іх – палітычныя мігранты, якія ў асноўным пераехалі ў Польшчу і Літву. Але і з Літвы штогод з’язджае вялікая колькасць беларусаў. Сёлета іх стала менш прыкладна на 7000 чалавек. Пра свой ад’езд з Літвы аб’явіў і Офіс Святланы Ціханоўскай.

Сваё бачанне прычын змяншэння беларусаў у Літве выказваюць беларускія актывісты, якія там жывуць:

Яўген Вільскі: Літва зараз прыфрантавая дзяржава, практычна на перадавой ліні знаходзіцца. Канешне, літоўцы баяцца і пятай калоны ўнутры краіны, і адпаведна павялічваецца ціск на расейскую і беларускую дыяспары. У мінулым годзе ў нас атрымалася адстаяць правы беларусаў. Нас не зраўнялі з расейцамі. Але тым не менш ёсць складанасці і з мовай.

Аляксандр Клачко: Ёсць пэўны негатыў да замежнікаў, не толькі беларусаў, там і арабаў, напрыклад. Я бачыў, як «атрымлівалі». Ну і паўстае патрабаванне ведання літоўскай мовы, гэта правільнае патрабаванне. Але трэба ўлічваць, калі чалавек атрымаў сталы від на жыхарства, то праз тры гады трэба патрабаваць, каб ён паказаў нейкае валоданне літоўскай мовы. Але да замежніка, тым больш калі гэта палітычны эмігрант, і ён нібыта адразу праз паўгода ці год павінен па-літоўску размаўляць. Не ўсе літоўцы, якія ў школе адвучыліся 12 гадоў, добра ведаюць літоўскую мову.

Аляксандр Адамковіч: Большасць беларускіх мігрантаў выбірала куды бліжэй, куды прасцей патрапіць, а пасля, як прайшоў час, яны паступова выбіралі іншыя краіны і з’язджалі, у пэўнай часткі закончыліся працоўныя кантракты, яны проста не захацелі працягваць, вырашылі пераехаць у іншыя краіны. Тут цалкам натуральныя працэсы.

Паводле Дэпартамента міграцыі пры МУС Літвы, па стане на 1 студзеня 2026 года у Літве зараз жыве крыху больш за 50 000 беларусаў.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя