BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

За арганізацыю нелегальнай міграцыі судзяць 26 чалавек

Фота: Памежная ахова Польшчы

Пракуратура Польшчы перадала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 26 чалавек, паведамляе Памежная ахова гэтай краіны.

Фігуранты справы абвінавачваюцца ў рэалізацыі злачыннай схемы нелегальнай міграцыі, сярод іх пяцёра грамадзян Украіны і адзін грамадзянін Беларусі.

“Гэта фінал паўтарагадовага расследавання <…>, — гаворыцца ў паведамленні. — Сабраны матэрыял паказвае, што ў складзе арганізаванай злачыннай групы людзі дзейнічалі з кастрычніка 2022 года. Замежнікі перавозілі нелегальных мігрантаў праз Беларусь і так званы “Балканскі маршрут” у краіны Заходняй Еўропы”.

Адзначаецца, што фігурантам выстаўленае абвінавачванне ў “дзейнасці ў складзе арганізаванай злачыннай групы”. Аднаму чалавеку інкрымінавана “кіраўніцтва злачыннай групай”, 16 — “арганізацыя нелегальнай міграцыі”.

“Шасцярым замежнікам таксама выстаўленае абвінавачванне ў захоўванні значнай колькасці наркатычных сродкаў”, — падкрэсліла памежная служба.

“Большасць падазраваных прызналіся ў злачынствах на допытах. <…> Восем чалавек арыштаваныя. Падчас расследавання была арыштаваная маёмасць і фінансавыя рэсурсы на агульную суму 173.940 злотых (каля 43,5 даляраў)”, — заявілі ў ведамстве.

Пра тое, што ў розных раёнах Польшчы затрымана 11 чалавек — беларускіх, польскіх, расейскіх і ўкраінскіх грамадзян, абвінавачаных у арганізацыі нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі і РФ у краіны Заходняй Еўропы, паведаміла 24 кастрычніка польскае выданне Wiadomosci са спасылкай на прэс-сакратара Падляскага аддзялення памежнай аховы Катажыну Здановіч.

У дачыненні да шасці чалавек прыменена мера стрымання ў выглядзе часовага арышту.

Адзначалася, што ў аперацыі ўдзельнічала каля 120 супрацоўнікаў польскага памежнага ведамства і прадстаўнікоў Еўрапола.

Сілавікі абшукалі 11 аб’ектаў нерухомасці і некалькі транспартных сродкаў, якімі карысталіся затрыманыя. Вынятыя сродкі сувязі, кампутары, дакументы і 80 тыс. злотых (каля 20 тыс. даляраў).

Здановіч паведаміла, што ў пераважнай большасці выпадкаў роля затрыманых заключалася ў пошуку ў Польшчы кур’ераў, якія забіралі б мігрантаў у раёне мяжы з Беларуссю і адвозілі б іх да мяжы з Нямеччынай.

Адзін з затрыманых, грамадзянін РФ, “дзейнічаў пад выглядам вядзення бізнесу па пракаце аўтамабіляў” у Польшчы. Ён сам набіраў кур’ераў і даваў ім аўтамабілі для перавозкі нелегальных мігрантаў.

Паведамлялася, што ад пачатку года супрацоўнікі Падляшскага памежнага ўпраўлення затрымалі 321 арганізатара нелегальнай міграцыі. Суды наклалі часовы арышт на 66 з іх.

4 чэрвеня Памежная ахова Польшчы паведаміла, што ў Варшаве затрыманы 26-гадовы грамадзянін Беларусі. Яго абвінавацілі ў кіраўніцтве злачыннай групай, якая займалася арганізацыяй нелегальнай міграцыі. Паводле інфармацыі ведамства, у выніку дзейнасці гэтай групы ў краіну незаконна трапіла каля 2 тыс. чалавек.

Тады абвінавачанні былі выстаўленыя 30 грамадзянам Польшчы, Беларусі і Украіны, чацвёра з іх былі змешчаныя пад арышт.

Па стане на 7 лістапада з пачатку 2024 года суседнія краіны ЕЗ прадухілілі 34.466 спробаў пранікнення нелегалаў з Беларусі (Польшча — 28.486, Латвія — 5.108, Літва — 872). Гэта на 12,4% менш, чым за аналагічны леташні перыяд — 39.334 (24.023, 13.119, 2.192).

Крыніца: pozirk.online