У межах міждзяржаўнай аперацыі «Вышук» у краінах СНД 23 і 24 кастрычніка затрымалі больш за 300 чалавек, абвешчаных у вышук у Беларусі, з іх больш за 140 — у Расеі.

Сярод іншага, у Маскве затрымалі дырэктарку менскага турыстычнага агенцтва, якую падазраюць у махлярстве з турыстычнымі паслугамі. Пацярпелымі па яе справе праходзяць больш за 30 чалавек. Жанчыне інкрымінуюць завалоданне больш як 140 тысячамі рублёў.Таксама падчас аперацыі «Вышук» выявілі месцазнаходжанне больш як 100 зніклых без вестак, амаль 500 адказчыкаў і даўжнікоў. У Беларусі затрымалі больш за 70 чалавек і выявілі месцазнаходжанне пяцярых зніклых без вестак, якіх шукалі іншыя дзяржавы.