Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон адносна прававога статусу замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія прымаюць удзел у абароне тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці Украіны, паведамляе unian.net.

Фота ua.depositphotos.com
За прыняцце законапраекта з рэгістрацыйным нумарам 9585 у цэлым прагаласавала 315 народных дэпутатаў.
У тлумачальнай запісцы адзначалася, што з пачаткам расейска-ўкраінскай вайны многія замежныя грамадзяне выказалі жаданне добраахвотна абараняць Украіну са зброяй у руках. Гэтай магчымасцю скарысталіся сотні замежнікаў, у прыватнасці грамадзяне Расейскай Федэрацыі, Грузіі.
Пасля спынення кантракта аб праходжанні ваеннай службы такія замежнікі пры наяўнасці падстаў маюць права на атрыманне дазволу на іміграцыю або набыццё грамадзянства Украіны. Але для гэтага трэба мець сапраўдны пашпартны дакумент іншаземца. Калі ж тэрмін яго дзеяння скончыўся, то такія людзі не могуць звярнуцца ў кампетэнтныя органы, у прыватнасці, у Расеі, таму што ў выпадку вяртання ім пагражаюць турэмныя тэрміны і нават пакаранне смерцю.
Таму цяпер прынятым законам прадугледжана магчымасць атрымання дазволаў на іміграцыю або набыцця грамадзянства Украіны на падставе пашпартных дакументаў, тэрмін дзеяння якіх скончыўся, а таксама магчымасць атрымання віду на жыхарства замежнікамі і асобамі без грамадзянства, прыцягнутымі да абароны Украіны ў складзе Сіл тэрытарыяльнай абароны або добраахвотніцкіх фарміраванняў тэрытарыяльнай абшчыны, урэгуляваць свой прававы статус знаходжання на тэрыторыі Украіны.
Акрамя таго, чальцы сем’яў асоб, якія заключылі кантракт аб праходжанні службы ва Узброеных сілах Украіны, Дзяржаўнай спецыяльнай службе транспарту і Нацыянальнай гвардыі Украіны, будуць мець права на атрыманне віду на жыхарства.
У той жа час грамадзяне Расейскай Федэрацыі і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія ў перыяд з 24 лютага 2020 г. набылі грамадзянства Украіны, абавязаны будуць падаць дакумент аб спыненні замежнага грамадзянства на працягу года з дня спынення або адмены ваеннага становішча.
Разгляд і прыняцце заяў аб набыцці грамадзянства Украіны ад грамадзян Расейскай Федэрацыі будзе адноўлена праз год пасля спынення або адмены ваеннага становішча. Але гэта не датычыцца такіх катэгорый расейцаў:
якія маюць выдатныя заслугі перад Украінай або прыняцця якіх у грамадзянства Украіны уяўляе дзяржаўную цікавасць для Украіны, іх мужа і жонкі;
якія праходзяць або праходзілі ваенную службу па кантракце ва Узброеных сілах Украіны, Дзяржаўнай спецыяльнай службе транспарту або Нацыянальнай гвардыі Украіны, у тым ліку якія ўзнагароджаны дзяржаўнай узнагародай Украіны, іх жонкі;
якія скасавалі кантракт аб праходжанні службы па стане здароўя;
якія былі прыцягнуты да абароны Украіны ў складзе Сіл тэрытарыяльнай абароны або добраахвотніцкіх фарміраванняў тэрытарыяльнай абшчыны, іх жонкі;
непаўналетнія дзеці, якія маюць законныя падставы для набыцця грамадзянства Украіны.






