BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

З’явілася камісія па справах нацыянальных і этнічных меншасцяў

У аўторак у часе чарговай сесіі сейміку Падляшскага ваяводства радныя разгледзелі шэраг ключавых пытанняў, у тым ліку стварэнне новай сталай камісіі па справах нацыянальных і этнічных меншасцяў. Кажа сябра новай камісіі, Маршалак Падляшскага ваяводства Лукаш Пракорым:

Я перакананы, што гэта будзе камісія, адкрытая для патрэбаў нацыянальных, этнічных і рэлігійных меншасцяў. Гэта ў некаторым сэнсе новы шлях, па якім мы ідзём у нашым ваяводстве, і таму ён надзвычай важны для дзейнасці рэгіёну. Менавіта таму я далучыўся да гэтай камісіі, каб разам з органам улады, які я маю гонар прадстаўляць, надаць камісіі яшчэ большую значнасць.

Кажа першы кандыдат на пасаду старшыні новастворанай камісіі, дырэктар ІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы, радны Ігар Лукашук:

Яшчэ перад намі працэдура фармальных пытанняў, сёння толькі прызначаны склад камісіі. Цешыць тое, што гэтая камісія будзе працаваць і сачыць за рознымі справамі, у тым ліку з пункту гледжання забеспячэння інтарэсаў розных меншасцяў, якія пражываюць у грамадстве. Перад намі адкрываецца новы раздзел, можна сказаць, у Падляшскім ваяводстве.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

У склад Камісіі па справах нацыянальных і этнічных меншасцяў увайшлі: Веслава Бурнас, Вальдэмар Кватэрскі, Ігар Лукашук, Яцэк Піярунак, Лукаш Пракорым. Асноўныя задачы камісіі ўключаюць : падтрымку нацыянальнай, этнічнай і моўнай ідэнтычнасці навучэнцаў; захаванне культурнай спадчыны нацыянальных меншасцяў; папулярызацыю ведаў аб мовах і культуры этнічных груп, якія пражываюць у рэгіёне.

Беларускае Радыё Рацыя