BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Змаганне неалагізмаў”

Сярод неалагізмаў ваеннага часу ва Украіне з’явіўся тэрмін з відавочным негатыўным адценнем – «бусіфікацыя», паходзіць ад ангельскага слова bus – аўтобус. «Бусікі» – невялікія мікрааўтобусы, якія выкарыстоўваюць супрацоўнікі ТЦК (тэрытарыяльныя цэнтры камплектавання). Гэта аналагі звыклых ваенкаматаў. Негатыўнае значэнне і шырокую крытыку новы тэрмін хутка набыў праз выпадкі гвалтоўнай мабілізацыі, калі ўкраінскіх мужчын прызыўнога ўзросту затрымліваюць, напрыклад, у грамадскіх месцах, на вуліцах, на канцэртах, у рэстаранах і саджаюць у “бусікі”.

На думку саміх украінскіх вайскоўцаў, «бусіфікацыя» – гэта не рашэнне, а праблема: яна стварае наратыў, што ва Украіне нібыта не засталося мужчын, гатовых абараняць Радзіму. Гэты тэзіс вельмі выгадны расійскім прапагандыстам, і яны яго паспяхова разносяць з экранаў сваіх памыйніц вуснамі зліўных бачкоў. Як і тэму ахвяр уцёкаў ад мабілізацыі праз раку Ціса, дзе іх так і не дачакаліся Венгрыя з Румыніяй. І зноў вайскоўцы са стажам пацвярджаюць: праблем з навабранцамі, якіх прывозяць «бусікі», больш, чым рэальнага плёну. А матывацыя для службы – гэта якасная баявая падрыхтоўка, годнае забеспячэнне і вопытнае кіраўніцтва.

Берагчы жыцці сваіх байцоў, а не кідаць на “мясныя” штурмы – гэта тое, што павінна адрозніваць украінцаў ад расейцаў у баі.

Такім чынам, ў інфармацыйнай прасторы змагаюцца два сімвалічныя неалагізмы: у РФ “магілізацыя”, ва Украіне – “бусіфікацыя”. Толькі не варта забываць, што для абодвух бакоў на сёння армія – гэта галоўны актыў і ключавы рэсурс.