BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зміцер Косцін: Надыходзіць час правядзення вялікага беларускага кангрэсу ў Польшчы

Вынікі году на Падляшшы: палітычныя, грамадскія і культурна-адукацыйныя падводзіць Яна Запольская з нашым сённяшнім Госцем Рацыі – кіраўніком рэдакцыі нацменшасцяў Польскага радыё Беласток Змітром Косціным.

РР: Пачнем з пытання перапісу насельніцтва, якое датычыць прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці. Вынікаў гэтага перапісу доўга мы чакалі, у выніку сёлета збольшага іх атрымалі. Ці было здзіўленне, расчараванне, якія эмоцыі?

Зміцер Косцін: Напэўна, было вялікае здзіўленне прапорцыямі, якія з’явіліся ў гэтым перапісе насельніцтва. Таму што вынікі перапісу даволі доўга публікаваліся, звычайна год займала, каб апрацаваць матэрыялы. Апрацаваць іх нават па гмінах, па найменшых адзінках, якія вельмі важныя ў святле закона пра нацыянальныя меншасці, 20 % дадатковых моўных, назвы. А дагэтуль, ужо тры гады пасля перапісу насельніцтва, і мы не маем вынікаў.

Напэўна, здзіўленне было той прапорцыі, якая з’явілася ў прысутнасці беларусаў у Польшчы. На Падляшшы цяпер жыве афіцыйна, паводле гэтых звестак, хоць у дзеячаў ёсць сумневы адносна той методыкі, якая была прынятая.

РР: Наколькі яны поўныя, так скажам.

Зміцер Косцін: Так. Дык вось, калі папярэдні адзінаццаты ці возьмем 2002 год, да якога ўсе так як бы адносяцца, тады каля 90% беларусаў у Польшчы жыло менавіта на Падляшшы. На гэты момант беларусы Падляшша складаюць усяго толькі 40% усіх беларусаў у Польшчы. І тут, вядома, з’яўляецца пытанне: тыя беларусы, якія жывуць у Кракавае, Варшаве, Гданьску, Уроцлаве, ці гэта грамадзяне Беларусі, якія за гэты час атрымалі яшчэ і грамадзянства Польшчы ці гэта беларуская нацыянальная меншасць, тыя, якія нарадзіліся. 

Я не веру ў тое, што раптам за 10 гадоў амаль 20 000 беларусаў Беласточчыны сабралася і выехала проста па іншых месцах, хоць усе мы ведаем, што моладзь выязджае. Але беларуская меншасць была адной з найстарэйшых па векавым крытэрыі, і відавочна змяншэнне на Беласточчыне беларусаў – гэта натуральны працэс. Хоць на 20 000 менш – гэта даволі шмат.

Пытанне таксама не высветлена, хоць калісьці, у папярэдніх перапісах, было ясна пазначана месца нараджэння. Калі гэта месца нараджэння была Польшча і чалавек называў сябе беларусам, то больш-менш можна было аднесці гэтую асобу да прадстаўніка беларускай нацыянальнай меншасці. Рэшта, якая зазначала іншыя месцы нараджэння, і называла сябе беларусам, было зразумела, або гэта тыя, якія рэпатрыяваліся, нейкім чынам раней выехалі. Такіх людзей было вельмі мала, або гэта ўсё ж такі грамадзяне Беларусі, якія пераехалі ў Польшчу і тут ужо прыжыліся. Цяпер мы і дагэтуль не ведаем адказу на гэтае пытанне. І мне падаецца, што гэта вельмі важнае пытанне, хоць усё гаворыць пра тое, што беларусы ў Польшчы хутчэй становяцца беларускай дыяспарай, чым беларускай нацыянальнай меншасцю. Гэта крыўдна, прыкра, гэта кепска, таму што гэта паказвае, што дзеянні, якія прымаюцца ўрадам па захаванні беларускай нацыянальнай меншасці, недастатковыя.

Думаю, што вынікі перапісу – гэта нагода для дыскусіі, вялікай сустрэчы прадстаўнікоў арганізацыі беларускай меншасці, прадстаўнікоў дыяспары таксама. Мне падаецца, што надыходзіць час правядзення нейкага такога вялікага кангрэсу беларускага ў Польшчы. Магчыма, спачатку кангрэса беларускіх арганізацый. Можа, гэта не будзе такі вялікі кангрэс, але, напэўна, варта было б сустрэцца, каб абмеркаваць той стан рэчаў, які ёсць сёння, тыя праблемы, якія ёсць, якім чынам спрабаваць іх вырашаць, шукаць гэтае выйсце, працаваць адным фронтам. Гэта важна для будучыні, калі хочам, каб у наступных перапісах беларусы былі ў выніках.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя