BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Звесткі з фронту ўжо не выклікаюць такой цікавасці ў украінцаў?

Звесткі, якія прыходзяць з фронту, ужо не выклікаюць такой цікавасці сярод украінцаў. У грамадстве адбываюцца такія інфармацыйныя арэлі, адзін дзень прасоўваецца расейскі бок, другі — украінскі, – распавёў “Госць Рацыі” доктар псіхалагічных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыяльнай і палітычнай псіхалогіі НАПН (Нацыянальнай акадэміі педагагічных навук) Украіны, які пэўны час жыў у Беларусі Вадзім Васюцінскі:

РР: Як зараз выглядае ваенны стан ва Украіне? Якія адметныя рысы, тэндэнцыі і трэнды?

– Прынамсі на фронце такая стабільная сітуацыя, калі мала што змяняецца. Але мы адчуваем нейкія эмацыйныя арэлі, я ўжо пра гэта казаў раней. Адзін дзень пішуць, што расейцы недзе прасунуліся, пра з тыдзень кажуць, што ўкраінцы прасунуліся і т.д. А так агулам нічога асабліва не змяняецца на лініі фронту. Таму звесткі, якія адтуль прыходзяць, магчыма не выклікаюць вялікага інтарэсу.

Грамадства неяк прывыкла да гэтага, што нешта адбываецца, але не вельмі шмат чаго. Іншыя абставіны вайны, напрыклад, такія як абстрэлы, якія здараюцца амаль кожны дзень, абстрэлы Кіева, Харкава, гэта больш прыцягвае ўвагу людзей. Пра гэта больш гавораць, паказваюць па тэлевізару і г.д. Натуральна ўзровень нянавісці да расейцаў высокі, можа крыху ніжэйшы, чым год таму назад.

Тое, што яны робяць, людзі ацэньваюць, як жудаснае і бессэнсоўнае. Навошта ім усё гэта, калі гэта ім нічога не дае? Але яны маніякальна працягваюць імкнуцца нас забіваць. Яшчэ такія трывожныя звесткі, гэта наконт пазіцыі Захаду, ЗША, Еўропы, NATO, Венгрыі., Нямеччыны. Будуць дапамагаць, не будуць дапамагаць. Вельмі супярэчлівыя звесткі прыходзяць.

Не толькі нешта кожны дзень новае, але і на працягу дня могуць быць розныя звесткі на гэтую тэму. Я думаю, што большасць украінцаў разумее, што без моцнай падтрымкі з Захаду мы гэту вайну не выйграем. Таму гэта вельмі важная для нас справа, на гэта таксама звяртаюць увагу.

Гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Поўнамаштабная вайна ва Украіне не сціхае 707-мы дзень. Не выключаецца, што да канца года яшчэ не будзе развязкі ваеннага канфлікту паміж расейскім і ўкраінскім бокам.

Беларускае Радыё Рацыя