BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Звычка

Здымак ілюстрацыйны

Набліжаецца жахлівая дата — трэцяя гадавіна пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ на тэрыторыю суверэннай дзяржавы Украіна. Альбо, як яшчэ кажуць, пачатку “шырокай вайны”. Ці можна звыкнуцца да гукаў сірэн, выбухаў і сталага пачуцця страху? Можна прыстасавацца. Бо калі звыкнуцца са страхам, значыць, перастаць яго адчуваць. І калі чалавек кажа, што прызвычаіўся да вайны, гаворка ідзе хутчэй пра самападман і самаўнушэнне: дэманстрацыя сваёй сілы ў супрацьстаянні страху — неабходная ўмова для таго, каб чалавек мог больш-менш пачувацца ў псіхалагічнай раўнавазе.

Але ці не становіцца гэта небяспечнай звычкай? Ці не пераўтварае вайна паступовае прыстасаванне ў абыякавасць?

Ад здольнасці чалавечай псіхікі да адаптацыі залежыць выжыванне. Але ёсць і адваротны бок прыстасаванасці да вайны. Людзі “імітуюць” звычайнае жыццё, адключаюцца і часта губляюць пільнасць. Узнікае памылковае пачуццё няўразлівасці, пры якім яны перастаюць рэагаваць на сігналы паветранай трывогі. Зусім іншыя пачуцці адчуваюць тыя, хто вярнуўся з эвакуацыі і чыя псіхіка зноў “уключаецца” ў вайну. То бок нават пры адсутнасці паветранай трывогі чалавек увесь час знаходзіцца ў напружанні, чакае сірэны, а гук працуючай пральнай машыны раптам можа здацца шумам варожага дрона.

Псіхолагі адзначаюць, што людзі, для якіх вайна стала рэальнасцю ўжо ў дарослым узросце, пасля яе заканчэння аднаўляюцца хутчэй. Для дзяцей наступствы такога траўматычнага досведу нясуць больш сур’ёзную небяспеку. Для маленькіх украінцаў гульні ў “шахеды, ракеты і паветраныя трывогі” сталі будзённасцю. Не замест футбола і мультфільмаў, але побач з імі, пакуль нехта ў Саудаўскай Аравіі спрабуе вырашаць іх лёс.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя