
Вядома, што лаўрэатамі прэміі Дарвіна (штогадовая віртуальная антыпрэмія) становяцца людзі, чые смерці за кошт самых недарэчных спосабаў самазнішчэння чысцяць генафонд чалавецтва. Прэмія грунтуецца на гіпотэзе вучонага аб эфекце натуральнага адбору. Але для гэтага нават не абавязкова гінуць – дастаткова пазбавіцца магчымасці мець дзяцей зноў-такі максімальна дурным чынам, каб не зрабіць уклад у працягу роду чалавечага.
Так склалася, што ва ўмовах вайны РФ супраць Украіны званне «прэтэндэнта на прэмію» атрымліваюць і тыя, хто прыдумляе самыя дурныя спосабы пазбегнуць мабілізацыі. Малады ўкраінскі мужчына прызыўнога ўзросту, адэсіт, вырашыў, што гэта не яго вайна. І як тут не скарыстацца магчымасцю, калі пад бокам Малдова, а з Кішынёва прамыя рэйсы ў Расею? Але вы толькі не падумайце: захацеў і выехаў з Украіны, нават калі пад бокам Малдова. Тут трэба шукаць надзейнага памочніка ў асобе ўкраінскага адваката. А адвакаты – добрыя хлопцы, у іх місія абароны. У дадзеным выпадку – ад дрэнных дзядзькоў з ваенкамата. І за нейкія смешныя 6 тысяч даляраў!
І вось наш герой прызыўнога ўзросту шчасна перасякае мяжу Украіна-Малдова, ляціць у Расею і паволі ўстройвае свой побыт. Гэта ж не ягоная вайна. Змяняе ненавісны ўкраінскі пашпарт на шматабяцаючы расейскі, пачынае працавіты шлях на новым месцы. Увогуле жыве і цешыцца. Дакладней, пасмейваецца з былых суайчыннікаў, якія сядзяць у акопах. Дасмяяўся да таго, што па п’яні раптам вырашыў, што ўсё ж гэта яго вайна, хоць выглядам з адваротнага боку, і вырашыў падпісаць кантракт з узброенымі сіламі РФ.
Не паспеў працверазець, як апынуўся ў штурмавым атрадзе і быў адпраўлены назад ва Украіну. І тут ён разумее, што ва Украіне яго бацькі, а ён – акупант. Усімі праўдамі-няпраўдамі ён уцёк са штурмавага атрада і прыйшоў да ўкраінскіх пазіцый, каб здацца ў палон. Ці былі яму рады на Радзіме, гісторыя замоўчвае. Але яго сітуацыя ідэальна падыходзіць пад схему «бізнэс па-расейску»: выкрасці дзве скрыні гарэлкі, потым іх прадаць, а грошы прапіць. І вайна гэтая, як аказалася, самая што ні на ёсць яго: абодва бакі зараз інкрымінуюць яму дзяржаўную здраду. Звышразум.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






