Пасольства Балгарыі ў Беларусі пачне прыём дакументаў на шэнгенскія візы на два тыдні пазней запланаванага — з 15 красавіка. Пра гэта паведаміла балгарская дыпламатычная місія ў Менску.
Раней балгарскае пасольства анансавала пачатак выдачы шэнгенскіх віз з 1 красавіка. Аднак тэрміны падачы змяніліся.
Прыём дакументаў на шэнгенскія візы для грамадзян Беларусі пачнецца з 15 красавіка ў візавым цэнтры VFS Global у Менску. У іншых візавых цэнтрах VFS Global на тэрыторыі Беларусі будуць прымаць дакумэнты з 1 траўня.
Інфармацыя на сайце візавага цэнтра VFS Global і кол-цэнтра будзе даступна з 8 красавіка.
У балгарскім пасольстве ў Беларусі раней расказалі пра тое, што ў сувязі з рашэннем Савета ЕЗ пра адмену пагранічнага кантролю ў граніцах Шэнгенскай зоны з 31 сакавіка 2024 года для Румыніі і Балгарыі на марскіх і паветраных межах Балгарыя пачынае выдаваць шэнгенскія візы (са зборам біяметрычных даных) грамадзянам трэціх краін. У мэтах забеспячэння больш высокага ўзроўню абслугоўвання заяўнікаў у Рэспубліцы Беларусь, зыходзячы з магчымасцей, указаных у Візавым кодэксе, пасольства Балгарыі ў Менску заключыла пагадненне аб знешнім абслугоўванні з фірмай VFS Global.
Дакументы на балгарскія візы будуць прымаць у Менску, Берасці, Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Гародні, Лідзе, Магілёве і Пінску.
Пры гэтым заявы на атрыманне кароткатэрміновых віз тыпу «С», у залежнасці ад наяўнасці свабодных месцаў, можна падаваць, як і раней, у консульскую службу пасольства пасля папярэдняга запісу па тэлефоне.
У консульскай службе пасольства будзе прадастаўляцца шэраг паслуг. У прыватнасці, прымаюцца заявы аб выдачы балгарскіх дакументаў, якія сведчаць асобу (замежпаспарт, асабістая картка, правы кіроўцы, часовы пашпарт); засведчанне даверанасцяў, дэкларацый, даведак; дакументы грамадзянскага стану — пасведчанне аб нараджэнні, шлюбе або смерці; засведчанне і легалізацыя перакладаў; заявы, звязаныя з балгарскім грамадзянствам: набыццё, вызваленне, аднаўленне, устанаўленне і іншыя.