BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

200 гадоў таму пачаў будавацца Аўгустоўскі канал

З школьных падручнікаў геаграфіі яшчэ савецкага часу мы добра ведалі пра два штучныя водныя шляхі – Суэцкі і Панамскі каналы. Прынамсі ведалі пра час іх капання і пра кантынентальнае знаходжанне. Пра сваё ж, куды больш блізкае ў кожным сэнсе – прыкладам канал Агінскага ў Слоніме ці Аўгустоўскі канал нам не казалі ні слова. Нібы нічога гэтага не было зусім. А між тым Аўгустоўскі канал, пра які пойдзе гутарка, відаць, не мае аналагаў у еўрапейскай гідратэхнічнай гісторыі.

Штучны водны шлях, які злучыў басейны рэкаў Нёман і Вісла быў пабудаваны ў 1824-33 гадах пад кіраўніцтвам розных інжынераў. Капальнай і муроўнай працы папярэднічалі дзве грунтоўныя даследчыя экспедыцыі пад кіраваннем Ігната Прандзінскага і Аляксандра Віртымбергскага. Цэнтральнай жа асобай быў падпалкоўнік Карл Рэес, які меў адмысловую адукацыю. Адкрыццё каналу адбылося ў 1839 годзе. Каб зразумець цікавае памкненне ідэолагаў гэтага праекту безумоўна патрэбна зазірнуць у кантэкст усяго дзевятнаццатага стагоддзя. Расейская імперыя пад час кіравання цара Аляксандра І вяла мытную вайну з Прусіяй і ёй патрэбны быў зручны абыход прускіх зямель. Да пабудовы прывяла найперш гаспадарчая мэтнасць – з басейну Віслы можна было такім чынам перавозіць грузы ў Балтыйскае мора.

Агульная даўжыня каналу ажно 102 кіламетры (для параўнання Панамскі мае працягласць 82 км), з іх на тэрыторыю Беларусі прыпадае 22. Сярэдняя глыбіня 1,8 метра, зразумела, што ёсць ўчасткі глыбейшыя, а ёсць і досыць плыткія. Тэрытарыяльна Аўгустоўскі канал ахоплівае сучасны Гарадзенскі раён і землі Сувальшчыны. Назва каналу пайшла ад павятовага цэнтру Аўгустаў, з возера Сервы паблізу яго бярэ пачатак гэты водны транзіт. Асноўным “пасярэднікам” паміж дзвюма вялікімі рэкамі, апяянымі ў беларускай і польскай літаратурах, выступае рэчка Бебжа. Акрамя яе ў водным праекце задзейнічаная Чорная Ганча, розныя азёры і сажалкі, пратокі паміж імі. На Гарадзеншчыне Аўгустоўскі канал працякае паміж вёскамі Чарток і Нямнова. Усяго на канале 18 шлюзаў, з якіх толькі 4 на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

У наш час канал з каралеўскім імем страціў сваё гаспадарчае і транспартнае значанне і стаў вылучна турыстычным аб’ектам. Дакладней, такім ён толькі станавіўся. Доўгі час у дваццатым стагоддзі водны шлях быў у занядбаным стане. Польская дзяржава намнога хутчэй зразумела перспектыву гістарычна-прыроднага аб’екту і стала выкарыстоўваць яго напоўніцу. У наваколлях Аўгустоўскага каналу паўсталі шматлікія асяродкі адпачынку, найперш і галоўным чынам агратурыстычныя гаспадаркі, якія хутка заваявалі значную папулярнасць.

З беларускага боку землі вакол Аўгустоўскага каналу працяглы час былі недаступныя шырокаму колу і “каланізаваліся” наменклатурай, якая рыхтавала свае інтарэсы. Па дарозе на Сапоцкін быў выстаўлены нават адпаведны пост памежнікаў, уезд быў строга па пропусках. Так што аднойчы нашу краязнаўча-вандроўную групу затрымалі як парушальнікаў “зоны”, не пусцілі і нават спрабавалі аштрафаваць. Давялося даводзіць свае правы праз скаргі і ўрэшце справа была зачынена. Аднак, знаёміцца з Аўгустоўскім каналам і яго наваколлямі мы паехалі ўжо з польскага боку. Пазней памежную зону ў Беларусі знялі, на канал возяць школьныя і іншыя экскурсіі. Аднак гаварыць пра паўнавартаснае развіццё шляху пакуль рана, ранейшага “Свята мора” на шлюзе Дамброўка яшчэ няма, хоць перыядычна нейкія мерапрыемствы там праводзяцца.

Да 2020 году мы вандравалі па Аўгустоўскім канале трансгранічным роварным маршрутам праз памежны пераход Лясная-Рудаўка. Асалоду ад такіх падарожжаў не перадаць на паперы, гэта трэба адчуць і спазнаць асабіста. Цяпер гэты шлях зачынены і, магчыма, надоўга.

Аўгустоўскі канал зноў злучыў Віслу і Нёман. Але вярнуць Беларусь у еўрапейскую прастору ён пакуль не ў змозе.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара