Вуліца Чэхава — адна з самых адметных вуліц Віцебска. Яе даўжыня складае ўсяго 300 метраў. Нягледзячы на гэта, яна захоўвае ў сабе мноства гістарычных пластоў. Распавядзем трошкі пра яе гістарычную забудову.
Гісторыя вуліцы пачынаецца ў XVIII стагоддзі, калі на яе месцы быў хутар, што належаў купцам-хлебагандлярам Баруновым. Тут былі дом, амбары, сад і млын. Менавіта млын і даў пачатковую назву вуліцы — 1-я Ветраная. У сярэдзіне XIX стагоддзя хутар Баруновых быў ператвораны. На яго месцы была заснавана хлопкавая фабрыка Шмеркі Берліна, што сімвалізавала новую эру прамысловага развіцця ў гэтай частцы горада. Баруноўскі сад стаў месцам прагулак для гараджан, а сама вуліца паступова набывала сучаснае аблічча.
Старыя пабудовы на гэтай вуліцы пераважна былі драўлянымі, таму падчас пажару 1901 года большая частка з іх згарэла. Аднак два будынкі — будучы музей М.Ф. Шмырова і будынак духоўнага вучылішча — былі выратаваны. Пасля рэвалюцыі вуліца працягвала мяняць свой выгляд. У 1950 годзе яна была перайменавана ў гонар расейскага пісьменніка Антона Чэхава.
Былы прытулак састарэлых чыноўнікаў (Чэхава 4)
Пачаткова, з 1902 года, у гэтым будынку знаходзіўся Прытулак для старых віцебскіх чыноўнікаў. Гэта ўстанова была створана дзякуючы шчодраму дару Кузьмы Давыдовіча Галембіоўскага — наглядчыка акцызнай акругі. У сваім запавеце ён пакінуў капітал на арганізацыю прытулку. За 44 тысячы рублёў былі набыты будынкі, якія складаліся з мураванага дома і гаспадарчых пабудоў. Прытулак быў прызначаны для праваслаўных чыноўнікаў, якія не мелі сродкаў і не маглі працаваць. Кожны падапечны атрымліваў асобны пакой і штомесячную дапамогу. Пасля рэвалюцыі 1917 года будынак быў пераабсталяваны пад дом для інвалідаў, а затым будынак аддалі пад інтэрнат Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Пазней, у другой палове стагоддзя тут стварылі мемарыяльны музей Міхаіла Шмырова (камандзіра партызанскага руху).
Купецкі дом (Чэхава 7)
Гэты будынак з чырвонай цэглы быў узведзены ў 1902 годзе віцебскім купцом Шнэрам Шлёмавым Смалянскім. Архітэктурны комплекс уключаў аднапавярховы асабняк і двухпавярховы флігель, якія прызначаліся для пражывання і здачы ў арэнду. Аднак у 1917 годзе Смалянскі мушаны быў пакінуць Віцебск, і будынак застаўся без гаспадара. Працяглы час дом стаяў без нагляду, але савецкая ўлада хутка знайшла яму прымяненне, здаўшы яго ў арэнду жыллёваму таварыству. Будынак здолеў перажыць Другую сусветную вайну і ў 1947 годзе тут правялі капітальны рамонт, пасля чаго ён зноў быў заселены. Бліжэй да 1980-х гадоў дом апусцеў, бо ўсе жыхары пакінулі яго. Тады гістарычнае будынак перадалі Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею, які выкарыстоўваў як майстэрні.
Мужчынскае духоўнае вучылішча (Чэхава 11)
Будынак быў узведзены ў 1892 годзе для патрэбаў мужчынскага духоўнага вучылішча. Яго будаўніцтва пачалося на месцы, дзе раней знаходзілася ўладанне купцоў Баруновых. На тэрыторыі вакол будынка планавалася стварыць сад, пабудаваць лазарэт і сажалку. Спачатку вучылішча функцыянавала як духоўная ўстанова, але ў 1918 годзе, пасля рэвалюцыі, яно было зачынена. Будынак стаў выкарыстоўвацца для розных адукацыйных мэтаў: тут працавалі рабоча-сялянскі факультэт (рабфак), педагагічныя курсы, савецкая партшкола імя Энгельса, а пазней педвучылішча.
Хоць вуліца Чэхава зусім кароткая, гэта не ўсе цікавінкі, якія тут можна сустрэць. У прыватнасці, гэта рэшткі былога кафлевага завода братоў Буднікавых, даходны дом, будынак былой фабрыкі Шмеркі Берліна і шмат іншага.
К.С., Беларускае Радыё Рацыя