Сённяшні госць Беларускага радыё Рацыя — Аляксандра Мамаева. Гэта беларуска са Славеніі, якая проста зараз ідзе шляхам Святога Якуба па Гішпаніі. Агульная пряцягласць яе маршруту — каля 300 кіламетраў, сваю вандроўку яна прысвяціла беларускім палітвязням.
Гутарым з ёй пра тое, як падарожжа дапамагае збіраць грошы вязням і пра тое, ці складана прайсці гэты паломніцкі шлях.
РР: Распавядзіце якім маршрутам вы ідзеце зараз? Ці ў першы раз у вас такі паход? Дзе наогул знаходзіцеся, куды пойдзеце?
– Для мяне гэта ўжо пяты раз. Я хадзіла першы раз дванаццаць гадоў таму, і вельмі цікава, што я цяпер іду па тых самы месцах, па якіх я роўна дванаццаць год таму я ўжо праходзіла. Таму калі фэйсбук мне нагадвае, што я ў гэтым жа горадзе была, то вельмі параўнаць свае ўражанні тады і цяпер. Я хадзіла таксама па партугальскім каміна, у Славеніі ў нас таксама ёсць. (рэд. так называюць пілігрымку па шляху Святого Якуба).
– У мяне на жаль ніколі не хапае шасці тыдняў вольнага часу каб прайсці ўсё каміна, таму па кавалачках. Гэта таксама нармальныя практыка калі людзі ідуць два тыдні, потым праз год вяртаюцца і ідуць яшчэ. Увогуле мой маршрут у гэтым годзе гэта Ад Леона Гішпанскага да Санцьяга-дэ-Кампастэлла, гэта дзесьці 306-310 кіламетраў.
РР: Вы прысвяцілі гэты паход палітвязням, так?
– Так, народная амбасада разам з хуткай гуманітарнай дапамогай праводзяць глабальную эстафету падтрымкі Беларусі і палітзняволеных у тым ліку. Так як я думала, што трэба зладзіць сябе добры адпачынак і думала прайсціся па каміна, то вырашыла, што гэта вельмі добрая нагода распавядаць таксама людзям якія ідуць па каміна пра Беларусь. У мяне ёсць такі невялічкі плакат на маім заплечніку пра тое што гэтае каміна для Беларусі. Ёсць хэштэг, па якім можна прайсці і праглядзець больш інфармацыі.
– Ну і заўсёды на шляху такія размовы з пілігрымамі, гэта асобнае задавальненне. І шмат хто да мяне падыходзіць, пытаецца якая сітуацыя ў Беларусі, якая сітуацыя з палітвязнямі. Таму гэта такі мой спосаб распавесці і пра Беларусь і пра палітвязняў таксама.
РР: Людзей з якіх краін вы сустракалі, і як яны рэагуюць на вашыя аповеды?
Шмат людзей. Апошнім часам гэты Венгрыя, Нідэрланды, Ганконг, Карэя, Вялікабрытанія, Польшча. Па большасці ўсім было вельмі цікава. Адзін мужчына сказаў, што ён ведае што такое Беларусь і дзе яна знаходзіцца, але нічога не чуў пра палітвязняў. Наогул у людзей вельмі мала інфармацыі наконт гэтага, акрамя мабыць Польшчы. Людзі з Польшчы вельмі добра разумеюць што такое Лукашэнка, у іх шмат знаёмых беларусаў, шмат з кім яны працавалі ці сустракаліся пасля таго, як беларусы масава эмігравалі, у тым ліку ў Польшчу.
– Але па-большасці людзі пра гэта не ведаюць. Нават людзі з Еўропы не ведаюць пра тое, што ў такой жа еўрапейскай краіне адбываюцца такія жахі з людзьмі, рэпрэсіі, і гэтак далей. Я стараюся не даваць вельмі дэпрэсіўную інфармацыю, але распавядаю што адбываецца. Пра тое што Лукашэнка прайграў на выбарах, і зараз утрымліваецца толькі за кошт рэпрэсіяў і падтрымкі Расеі.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Аляксандра нагадвае — свой маршрут яна ідзе ў рамках кампаніі «Галасы праз межы». Гэта эстафета ў падтрымку палітзняволенных. У рамках кампаніі беларусы распавядаюць замежнікам пра тое, што адбываецца ў іх на радзіме. А таксама збіраюць грошы на падтрымку вязняў сумлення.
Спасылка на збор грошай для сямей палітвязняў.
Беларускае Радыё Рацыя