Air China плануе павялічыць частату палётаў у Менск. Аб гэтым заявіў кіраўнік прадстаўніцтва авіякампаніі ў Беларусі Гэн Цзэчжы, перадае БелТА.

«Дзесяць гадоў таму 1 траўня мы адкрылі прамы рэйс Пекін – Менск. Цяпер у палётную праграму дадаўся Сіань. Выконваецца тры рэйсы на тыдзень. Плануецца з 24 чэрвеня дадаткова адкрыць рэйс з Пекіна праз Сіань у Менск па аўторках», – сказаў ён журналістам.
Паводле яго слоў, самалёты лятаюць амаль з поўнай загрузкай, сярод пасажыраў турысты, прадстаўнікі бізнесу, студэнты.
За 10 гадоў паміж Беларуссю і Кітаем было выканана больш за 1,2 тысячы рэйсаў, якімі перавезена амаль 400 тысяч пасажыраў. За 2024 год рэйсамі скарысталіся больш за 33 тысячы чалавек. Значная іх частка – трансферныя пасажыры. Рэйсы Air China карыстаюцца попытам на стыкоўкі ўнутры Кітая.