BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Авіярэйсы з Масквы ў Менск затрымліваюцца праз абмежаванні ў расейскіх аэрапортах

Рэйсы з Масквы ў Менск зноў ідуць са спазненнем. Гэта вынікае з даных электроннага табло Нацыянальнага аэрапорта «Мінск».

Два ранішнія рэйсы «Белавія» прыбудуць пазней запланаванага часу. Акрамя таго, са спазненнем чакаецца і рэйс «Аэрафлота». Таксама быў адменены рэйс авіякампаніі «Северсталь» у Калугу.

Прычына затрымак — начныя абмежаванні працы аэрапортаў у Расеі, уведзеныя праз пагрозу беспілотнікаў. У Маскве яны закранулі аэрапорты Внукава, Дамадзедава і Жукоўскі.

Напярэдадні Нацыянальны аэрапорт «Мінск» папярэджваў пра магчымыя карэкціроўкі ў раскладзе ў сувязі з абмежаваннямі ў расейскай паветранай прасторы.

«У сувязі з абмежаваннямі па выкарыстанні паветранай прасторы Расейскай Федэрацыі ў расклад авіярэйсаў могуць уносіцца змены. Просім пасажыраў, а таксама тых, хто сустракае і праводзіць, улічваць гэтую інфармацыю і планаваць паездку ў аэрапорт згодна з актуальнымі ўмовамі», — адзначыла прэс-служба аэрапорта.

Учора былі адменены тры рэйсы «Аэрафлота» ў Менск з маскоўскага «Шарамецьева» з вылетам у 00:35, 08:30 і 13:00. Рэйс «Белавія» вылецеў з Масквы са спазненнем прыблізна на паўтары гадзіны.