BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Бальцана – горад на сумежжы дзвюх культур

Бальцана-цэнтр

Бальцана (па італьянску Bolzano, па-нямецку Bozen) крыху больш чым стотысячны горад, які ляжыць на поўначы сучаснай Італіі і ёсць цэнтрам аднайменнай аўтаномнай правінцыі. Праз горад працякае рака Адзіджэ, якая дзеліць яго на старую і навейшую часткі.

рака Адзіджэ

Рака Адзіджэ

Горад увасабляе ў сабе адразу дзве культуры – нямецкамоўную і канешне італьянскую. Гэта адчуваецца ва ўсім – размовах жыхароў (73% – італьянцы, 25 – немцы), стылю архітэктуры, планіроўцы і забудове гораду, а найперш візуальна – гэта відаць па двухмоўных шыльдах. Зусім невялікая частка жыхароў размаўляе таксама на малавядомай шырокаму колу ладынскай мове (ладынцы – нешматлікі народ так званай рэтараманскай групы).

двухмоўнасць Бальцана

Аматарам спорту Бальцана вядомы найперш аднайменным хакейным клубам, які найбольш тытулаваны ў Італіі, а апошнім часам выступае ў больш моцным чэмпіянаце Аўстрыі

Некаторыя крыніцы называюць Бальцана сама дарагім горадам у Італіі з-за высокіх коштаў камунальных паслугаў. Горад вельмі чысты і дагледжаны, веснавой парой на яго вуліцах асаблівы спакой і зусім мала турыстаў.

Бальцана- старая вулічка

Адна з старых вулічак гораду

У старажытнасці Бальцана забудоўваўся на балотах, пасля краху Рымскай імперыі гэтая тэрыторыя належала ў розны час остготам, франкам, лангабардам, баварам. У1227 годзе ён перайшоў да Тырольскага графства, а ў 1366 годзе – да Габсбургаў.

Да 1918-19 гадоў Бальцана і наваколлі належалі да графства Ціроль, якое ўваходзіла ў Аўстра-Венгерскую імперыю. У 1919 годзе мірнай дамовай быў замацаваны пераход у Італію, а ў наступныя гады, пасля прыходу да ўлады Беніта Мусаліні пачалася актыўная італізацыя рэгіёну.

Наваколлі Бальцана

Від з цэнтра горада на наваколлі

У гістарычным цэнтры Бальцана мноства архітэктурных помнікаў, а кампазіцыйным цэнтрам ёсць Пляц Вальтэр, забудаваны ў 1808 годзе і названы ў гонар Вальтэра фон дэр Фогельвэйдэ, найбольш ведамага сярэднявечнага германскага паэта, які жыў у 12-13 стагоддзях.

Помнік Вальтэру

Помнік паэту Вальтэру

У горадзе досыць шмат утульных рэстаранчыкаў і старых гатэляў

Бальцана
Рэстаран Бальцана

У храмах Бальцана моляцца як па-італьянску, так і па-нямецку, але больш 30-40 чалавек набажэнствы не збіраюць. Пры тым абсалютная бальшыня ідэнтыфікуе сябе як хрысціяне.

Сабор Бальцана

Катэдральны сабор

Брама сабору
Сабор Бальцана

Уваход у галоўную святыню горада

Інтэр'ер Бальцана

Інтэр’ер храма, дзе моляцца па-нямецку

горад Бальцана
горад Бальцана

Праз мост ідзе дарога да мясцовай “Труумфальнай аркі”.

мост Бальцана
Арка Бальцана

Знак на рондзе напамінае пра нядаўнюю Белую Алімпіяду.

Вясна ў Бальцана

Горад толькі абуджаецца пасля зімы

Агулам для Бальцана характэрны памяркоўны, няспешны лад жыцця мясцовых жыхароў і нейкія асаблівыя спакой, утульнасць і ўпэўненасць.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара