
Беларускія майстры прынялі ўдзел у святкаванні свята “Батумоба” у грузінскім Батумі.
Гэта свята можна параўнаць з днём горада ў гарадах Беларусі.
“Батумоба” – гэта фэст, які ладзіцца ў гонар дня горада Батумі. Цягам некалькіх гадоў гэтае свята не праводзілася з-за пандэміі каронавірусу.
Апошні раз Батумоба праходзіла ў 2019 годзе. У 2023 свята адбылося ў меншым фармаце з-за кепскага надвор’я.
Фестываль уключае ў сябе правядзенне розных выстаў, рамесных кірмашоў, ладзяцца тэатралізаваныя паказы, праводзяцца конкурсы, не абыходзіцца і без музычных выступаў. Галоўнае ўпрыгожванне фестывалю – свята нацыянальнага аджарскага танца Гандагана, знаёмага ўсім, хто хоць раз бачыў відэаролікі пра Грузію.
Гісторыя свята звязана з тым, што ў 1885 годзе з прашэннем пра наданне Батумі статусу горада 90 яго жыхароў звярнуліся да Каўказскага намесніцтва. Прашэнне задаволілі і 28 красавіка 1888 года Батумі афіцыйна стаў горадам.
Сёлета праграма свята ўключала вялікую колькасць розных канцэртаў і кірмашоў, на якіх можна было не толькі набыць вырабы ад майстроў, але таксама паглядзець частку экспазіцый мясцовых музеяў і мастацкіх галерэй.
Увечары штодня на плошчы перад так званым “драўляным” тэатрам выступалі вядомыя грузінскія музыкі і ды-джэі.










Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя