BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Батумі: з музея рэвалюцыі ў мастацкі музей

У сталіцы аўтаномнай Рэспублікі Аджаріі Батумі зараз працуе больш дзясятка розных музеяў. І адзін з самых знакамітых – гэта музей выяўленчага мастацтва, які знаходзіцца ў цэнтры прыморскага гораду.

Гісторыя стварэння гэтага музея, які мае афіцыйную назву
«Музей мастацтваў Аджарыі» ,пачынаецца менш за тры дзесяцігоддзі таму.

Ён быў афіцыйна адкрыты 19 снежня 1998 года і з’яўляецца важным цэнтрам сучаснай грузінскай культуры. Музей валодае самавітай калекцыяй экспанатаў, што дае яркае ўяўленне пра асноўныя этапы грузінскага выяўленчага мастацтва ХХ стагоддзя. Тут прадстаўлена цэлая плеяда цудоўных мастакоў розных пакаленняў.

Насамрэч будынак музея пабудаваны ў стылі сталінскі ампір 75 год таму – у 1949 годзе, і тут амаль паўстагоддзе месціўся музей Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году.

Гэты музей мне давялося наведаць зусім нядаўна, на дзень музеяў, і я быў здзіўлены, што ў невялікім двухпавярховым будынку ўдалося сабраць даволі прыстойную калекцыю розных майстроў жывапісу і скульптуры.

Па дадзеных сайта музея, зараз у яго сховішчах захоўваецца каля 400 экспанатаў – жывапісныя палотны вядомых грузінскіх і замежных мастакоў (Ніка Пірасмані, Д. Какабадзэ, Л. Гудыяшвілі, Элене Ахледыяні, Ст. Бакалавічы, Зомеры, А Тэрні, Р. Фетвіяшвілі, Н. Ігнатаві, Н. Ігнатаві, Г. Цэрэтэлі і іншыя, графічныя (Н. Чургуліа, Л. Замбахідзэ і інш.)

Таксама тут маецца калекцыя вырабаў з керамікі, дрэва, шкла, узоры кавальнага мастацтва, габелены, скульптуры («Німфа і маленькі Фаўні» Э. Фантарэлі, «Партрэт» Г. Ачыаўры).

Пры музеі існуе пастаянная экспазіцыя грузінскай скульптуры, керамікі, гравюр і дэкаратыўных тканін, а таксама арганізуюцца мэтавыя выставы. У музеі працуе нядзельная мастацкая студыя для дзяцей і бібліятэка.

На дзень музеяў яго працаўнікі таксама зрабілі цікавую зкспазіцыю старажытнай грузінскай вопраткі ў самым будынку і ў дадатковай мастацкай галерэі, якая знаходзіцца з левага боку ад цэнтральнага ўвахода.

Гэтая экспазіцыя спадабалася не толькі дарослым наведнікам, але і дзецям, якія з задавальненнем прыходзілі паглядзець на прыгожыя грузінскія строі.

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя, Батумі, Аджарыя