BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусь і В’етнам уводзяць бязвізавы рэжым

Дэпутаты на пасяджэнні першай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі восьмага склікання прынялі законапраект “Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам аб адмене віз для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў”, паведамляе БЕЛТА.

Пагадненне падпісана ў Ханоі 8 снежня 2023 года. Прадугледжваецца, што грамадзяне Беларусі і В’етнама, уладальнікі нацыянальных пашпартоў, могуць уязджаць, выязджаць, рухацца транзітам і знаходзіцца без віз на працягу тэрміну, які не перавышае 30 дзён.

Агульная працягласць знаходжання не павінна перавышаць 90 дзён у каляндарным годзе. Пры гэтым кампетэнтныя органы краін могуць адмовіць ва ўездзе або скараціць тэрмін знаходжання замежнаму грамадзяніну без тлумачэння прычын.

Пагадненне набывае моц з даты абмену бакамі дакументамі аб ратыфікацыі і захоўвае дзеянне на нявызначаны перыяд часу.