Грамадзян Беларусі, якія маюць яшчэ іншыя грамадзянствы, цяпер не пускаюць у Беларусь паводле замежных дакументаў, для гэтага патрабуюць менавіта беларускі пашпарт.

Раней беларусы маглі самі выбіраць, паводле якога дакументу перасякаць мяжу. Але каля месяца таму памежнікам разаслалі ўнутраную інструкцыю, згодна з якой уезд у Беларусь яе грамадзянам магчымы толькі з беларускім пашпартам. Самога дакументу грамадзянам не паказваюць, паведамляе выданне «Наша Ніва».
Для шмат якіх беларусаў уезд паводле замежнага дакумента быў зручным, асабліва калі яны перасякалі мяжу на машыне з еўрапейскай рэгістрацыяй. Гэта дазваляла афармляць аўтамабіль на часовы ўвоз, як і іншым замежнікам, і пазбягаць выплаты фінансавай гарантыі, якая можа дасягаць тысячаў еўра. Цяпер жа тым, хто мае беларускае грамадзянства, давядзецца плаціць гэтую гарантыю пры ўездзе на аўтамабілі з замежнымі нумарамі.
Раней беларускія памежнікі прапускалі падарожнікаў паводле дакументу, які тыя падавалі, але цяпер, відаць, дадаткова правяраюць наяўнасць беларускага грамадзянства ў базах. Калі чалавек зарэгістраваны як грамадзянін Беларусі, яму адмаўляюць ва ўездзе паводле іншага пашпарта.
У Памежным камітэце адзначаюць, што грамадзяне Беларусі абавязаныя перасякаць мяжу паводле беларускага дакументу.
Беларускае Радыё Рацыя