Беларускія памежнікі знялі з аўтобуса ў Польшчу грамадзян Расеі. Патлумачылі гэта новаўвядзеннямі. Як даведаўся тэлеканал «Белсат», некаторых расейцаў сапраўды могуць не пусціць у Польшчу з 1 красавіка, бо з гэтай даты Польшча прымае расейцаў толькі з біяметрычнымі пашпартамі. Пра гэта папярэджвала МЗС Расеі.

Такім чынам, беларускія памежнікі могуць не выпусціць расейцаў з Беларусі, ведаючы, што яны не праедуць у Польшчу. Таксама Літва, Латвія, Нямеччына, Чэхія, Данія, Эстонія, Францыя і Ісляндыя не прымаюць расейскія небіямэтрычныя пашпарты. Гэта звязана з падвышэннем бяспекі межаў Шэнгену і ўводам еўрапейскай сістэмы ўезду-выезду (EES).
Паводле афіцыйных дадзеных за мінулы год, у амаль паловы расейскіх грамадзянаў не было замежных пашпартоў, а 29% з іх ніколі такіх ня мелі.






