Візавыя цэнтры кампаніі «VFS Global», якая мае супрацу з амбасадай Польшчы ў Беларусі, прымаюць заяўнікаў у адпаведнасці з рэгіёнам рэгістрацыі. У Берасцейскай вобласці, як сведчаць у адмысловых Telegram-чатах, запісацца прасцей за ўсё, таму беларусы пачалі мяняць месца рэгістрацыі, каб атрымаць візу. Пра гэта сведчыць інфармацыя з тэлеграм-чатаў, дзе абмяркоўваюць атрыманне віз.

Візавыя цэнтры «VFS Global» прымаюць заяўнікаў у адпаведнасці з рэгіёнам прапіскі. Для жыхароў чатырох вобласцяў – Менскай, Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай – прызначаныя толькі тры цэнтры: у Менску, Магілёве і Гомелі. Пры гэтым жыхары Гарадзенскай вобласці маюць два цэнтры, у Гародні і Лідзе. А прапісаныя ў Берасцейскай вобласці могуць падавацца ажно ў трох месцах: у Берасці, Пінску і Баранавічах.
Менавіта на Берасцейшчыне, як запэўніваюць удзельнікі чатаў, дзе абмяркоўваюць атрыманне віз, больш шанцаў запісацца на падачу, хаця і там гэта нялёгкая справа. Многія беларусы даведзеныя да такой ступені адчаю, што мяняюць месца рэгістрацыі, каб атрымаць візу.
Беларускае Радыё Рацыя