BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы праходзяць мяжу з Еўразвязам па 30 гадзінаў

Сітуацыя на мяжы з ЕЗ. На выезд з Беларусі на беларуска-польскай граніцы стаіць 480 легкавікоў і 80 аўтобусаў. На беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску “Каменны лог” — 200 легкавых аўто.

Як высветліла “Еўрарадыё”, беларусы, якія едуць у Польшчу на аўто, стаяць у чэргах на мяжы каля 30 гадзінаў. Шмат хто з іх дзеліцца сваім вопытам у адмысловых чатах, створаных для абмеркавання сітуацыі. За гэтыя і мінулыя суткі людзям даводзілася чакаць у чарзе і 29, і нават 31 гадзіну. На аўтобусе на гэтых выходных праехаць мяжу можна было прыкладна за 8-15 гадзінаў. Але тут варта ўлічваць, што шмат якія пасажыры купляюць квіткі ўласна “ад мяжы”. То бок, прыязджаюць у Берасце, адтуль едуць на мяжу і падсаджваюцца ў аўтобус, які стаіць бліжэй за ўсё да “шлагбаўма”.

Вядома, не ва ўсіх аўтобусах ёсць месцы — але шмат якія падарожнікі сыходзяцца ў меркаванні, што гэта самы аптымальны спосаб патрапіць у Польшчу.

Тыя, хто намагаецца патрапіць у Еўразвяз праз беларуска-літоўскую мяжу, таксама гадзінамі чакаюць у чэргах. У чатах пішуць, што на аўто прайсці мяжу можна прыкладна за суткі (каля 23 гадзінаў).

Больш за ўсіх пашанцавала тым, хто вырашыў ехаць у ЕЗ на аўтобусе праз беларуска-літоўскую мяжу. Прыкладам, сёння, 11 жніўня, зранку людзі казалі, што ўвесь працэс прахаджэння мяжы заняў крыху больш за 2 гадзіны.

Беларускае Радыё Рацыя