BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы за мяжой: у якіх краінах ёсць рызыка экстрадыцыі?

Праваабаронцы папярэджваюць: у амаль 50 краінах беларусы могуць сутыкнуцца з небяспекай прымусовай выдачы ўладам афіцыйнага Менска.

Фота: Reform.by

Даследаванне, праведзенае арганізацыяй “Прававая ініцыятыва”, паказала, што ўрады некаторых дзяржаў супрацоўнічаюць з лукашэнкаўскімі сілавікамі, перадаючы ім дысідэнтаў і палітычных уцекачоў. Як адзначаюць эксперты, найбольшая рызыка чакае беларусаў у краінах СНД, асабліва ў Расеі, дзе працэдура экстрадыцыі можа праходзіць без афіцыйных юрыдычных працэдур.

Падвышаная небяспека таксама ў Казахстане, Азербайджане, Таджыкістане і Кыргызстане. Еўропа, краіны ЕЗ, а таксама Вялікабрытанія, Нарвегія і Швейцарыя прызнаны бяспечнымі зонамі. Пры гэтым у Грузіі і Арменіі існуюць “пэўныя рызыкі” з-за супрацоўніцтва спецслужбаў з лукашэнкаўскімі сілавікамі. У Азіі найбольш бяспечнымі краінамі называюцца Ізраіль, Японія, Сінгапур і Паўднёвая Карэя. У “чырвоным спісе” – Кітай, Іран, В’етнам і Эміраты, дзе ёсць пагадненні з Беларуссю аб выдачы асоб. У Лацінскай Амерыцы беларусам варта пазбягаць Венесуэлы, Кубы і Нікарагуа. Большасць краін Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі прызнаныя бяспечнымі. Праваабаронцы раяць уцекачам і актывістам асцярожна выбіраць краіну для пражывання, каб пазбегнуць магчымых рызык экстрадыцыі.