BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беласток: беларусы правялі квэст па тэрыторыі былога гета

У Беластоку прайшла першая пешая квэст-гульня, прысвечаная гістарычным мясцінам горада. Маршрут гэтай гульні праходзіў па тэрыторыі былога габрэйскага гета.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел пераважна беларусы, якія пераехалі ў Польшчу пасля 2020 года. Удзельнікі мелі магчымасць не толькі прагуляцца па цэнтры Беластока, але і даведацца больш пра габрэйскую спадчыну горада, адкрыўшы для сябе малавядомыя, але значныя гістарычныя мясціны.

Удзельнікі гульні дзеляцца сваімі ўражаннямі:

– Вельмі добры пазнавальны час. Вельмі раю. Падабалася гульня. Цікавыя заданні, добрае спалучэнне шпацыру па гістарычных мясцінах і магчымасць паварушыць «шэрымі клетачкамі». Адназначна раю ўсім.

– Мы ўдзельнічалі ў гэтым першы раз. Я ведаю, што такія падобныя гульні праводзіліся ў Менску. Даволі цікава было пахадзіць. Але я зрабіў бы трошкі больш часу, бо мусілі галопам бегчы, а такія цікавыя месцы мы ўпершыню бачылі.

Па словах аднаго з арганізатараў гульні Аляксея Шоты, гульня зроблена дзеля таго, каб даведацца больш пра горад, дзе мы ўсе разам жывем:

– Ужо больш за два гады робім квіз. Я паглядзеў, што гэтага не хапае. Няма пешых гарадскіх гульняў у Беластоку. Быў адзін, невялікі сямейны, ён скончыўся, бо чалавек пераехаў. Ніша вызвалілася. Мне цікава пахадзіць самому па гэтых раёнах Беластока, знайсці нейкія цікавосткі, прыдумаць, сфармуляваць пытанні і даць магчымасць людзям даведацца больш пра горад, дзе яны жывуць.

Мэта квэсту, па словах арганізатараў, гэта — спалучыць актыўны адпачынак з гістарычнай асветай і міжкультурным дыялогам.

Улетку 2025 году плануецца правесці яшчэ некалькі падобных гульняў-квэстаў па Беластоку.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя