6 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб змене Паветранага кодэкса Рэспублікі Беларусь”. Па новым дакуменце з верасня “Белавія” зможа дадаваць пасажыраў у “чорны спіс”. У кампаніі расказалі, па якіх крытэрыях пасажыры будуць у яго трапляць і як можна будзе яго пакінуць.

У эфіры дзяржканала АНТ расказалі, што за год авіякампанія “Белавія” зафіксавала каля 30 інцыдэнтаў падчас палётаў. Самыя распаўсюджаныя – алкагольнае ап’яненне, курэнне на борце і бойкі. Між тым бортправаднікі скардзяцца на пасажыраў куды часцей – мінімум 2-3 разы на тыдзень.
Дамовіцца з авіякампаніяй і абысці блакаванне будзе немагчыма. Але ёсць і выключэнні: гэта дэпартацыя, калі іншай магчымасці выехаць з чужой краіны няма, а таксама пералёт на лячэнне або суправаджэнне дзіцяці. Гэта ўсё давядзецца пацвярджаць дакументамі.
На які тэрмін кампанія можа ўключаць пасажыраў у чорны спіс, з сюжэту не вельмі зразумела. Але патлумачылі, што па сканчэнні нейкага часу, калі гэтае адміністрацыйнае спагнанне і пакаранне будзе знята або крымінальнае расследаванне будзе спынена, то, адпаведна, з гэтай базы перавозчык будзе выдаляць дадзеныя аб гэтых асобах.