BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Белавія» плануе пашырыць флот самалётаў пасля зняцця санкцый ЗША

Беларуская авіякампанія «Белавія» плануе павялічыць парк паветраных судоў у 2026 годзе. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар авіяперавозчыка Ігар Чаргінец у эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны».

Паводле яго слоў, санкцыі ЗША ў дачыненні да «Белавія» знятыя цалкам, у той час як еўрапейскія абмежаванні застаюцца ў сіле. Цяпер кампанія знаходзіцца на этапе перамоваў з партнёрамі, у першую чаргу — наконт пашырэння флоту.

«Санкцыі ЗША з “Белавія” знятыя поўнасцю. Афіцыйныя дакументы апублікаваныя амерыканскім бокам. Гэта важны сігнал для нашых партнёраў, і мы ўжо праводзім з імі сустрэчы», — адзначыў Чаргінец.

Ён таксама паведаміў пра нядаўнюю сустрэчу з віцэ-прэзідэнтам кампаніі Boeing, падчас якой абмяркоўваліся перспектывы аднаўлення супрацоўніцтва. Паводле слоў кіраўніка «Белавія», гэта можа істотна спрасціць тэхнічнае абслугоўванне самалётаў, а таксама закупку запчастак і праграмнага забеспячэння.

Зняцце санкцый ЗША, паводле Чаргінца, дазваляе авіякампаніі больш актыўна працаваць на міжнародных рынках. Ужо адноўлены рэйсы ў Алматы, з 8 студзеня плануецца аднаўленне палётаў у Ізраіль (Тэль-Авіў).

Таксама 8 студзеня адкрываецца новы далёкамагістральны напрамак — Утапао (Тайланд), а 11 студзеня — Пхукет. Увесну «Белавія» плануе пачаць палёты ў Нячанг (В’етнам), а ў веснава-летні перыяд — адкрыць рэйсы ў Туніс і Іарданію.

Адказваючы на пытанне пра магчымыя рэйсы ў ЗША, Ігар Чаргінец адзначыў, што на дадзены момант ні прамыя, ні ўскосныя пералёты не выконваюцца. Для іх запуску неабходна міжурадавае пагадненне аб паветраных зносінах паміж краінамі. Паводле яго слоў, у перспектыве кампанія разлічвае на падрыхтоўку і падпісанне такога дакумента, пасля чаго можна будзе пачаць планаванне палётаў.