BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Берасцейскі аэрапорт паставяць на мадэрнізацыю

Аэрапорт Берасця ў найбліжэйшы час мадэрнізуюць, паведаміў начальнік Берасцейскага філіяла Белаэранавігацыі Аляксандр Дакучыц. Чакаецца, што ў 2025 годзе колькасць абслужаных пасажыраў павялічыцца практычна ў два разы ў параўнанні з 2024-м.

«Для паляпшэння камфорту людзей неабходна правесці рэканструкцыю аэравакзала. Будзе выкананы комплекс работ па аўтаматызацыі і лічбавізацыі, змены закрануць і зоны чакання», — цытуе Дакучыца тэлеграм-канал Мінтранса Беларусі.

Цяпер з Берасця чатыры разы на тыдзень лётаюць самалёты ў Маскву. Гэтыя рэйсы былі адноўленыя ў красавіку мінулага года пасля 30-гадовага перапынку. З красавіка па снежань 2024 года было перавезена больш за 14 тысяч пасажыраў, паведамілі ў Мінтрансе.

Чакаецца, што з 2 красавіка гэтага года прамыя авіязносіны звяжуць Берасце і Санкт-Пецярбург. Туды можна будзе паляцець два разы на тыдзень — па серадах і суботах, час у дарозе складзе 1 гадзіну 50 хвілін.

Акрамя таго, у турыстычны сезон зноў плануецца запусціць з Берасця чартары ў турэцкую Анталью, бо летась запаўняльнасць рэйсаў даходзіла да 100%.