BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Бізнэс-цэнтр Гомеля пачатку ХХ стагоддзя

Савецкая вуліца Гомеля ёсць своеасаблівым музеем архітэктуры, дзе кожны будынак распавядае пра сваю гісторыю. У шматлікіх дамоў захаваліся адметнасці розных стыляў, што дазваляе адчуць гістарычнае развіццё горада і яго культурныя перамены. Тут можна ўбачыць, як змены ў эканоміцы і грамадстве адбіліся на стылі будынкаў, ствараючы непаўторную атмасферу, якую варта даследаваць.

Гарадская дума на Савецкай 1

У 1889 годзе быў узведзены Будынак гарадской думы па праекце архітэктара Яўгена Торліна. Ён вылучаецца эклектычным стылем. Дом служыў для гарадской думы і гарадской управы, а першы паверх быў адведзены пад крамы. З гісторыі будынка вядома, што ў 1904 годзе тут была адкрыта Гогалеўская чытальня, якая стала важным культурным цэнтрам горада. Пасля рэвалюцыі 1917 года ў будынку размясцілася рэдакцыя газеты “Гомельская праўда”, а ў 1921 годзе тут былі аб’яднаныя некалькі дробных тыпаграфій у адну. У 1935 годзе будынак быў дабудаваны да трох паверхаў.

З гэтым домам шчыльна звязана жыццё князя Фёдара Паскевіча, уладальніка мясцовага маёнтка, які цягам многіх гадоў да сваёй смерці быў гомельскім дэпутатам. Гомель служыў яго летняй рэзідэнцыяй і кожнае лета ён наведваў горад, каб прыняць важныя рашэнні, што ўплывалі на жыццё гараджан. У 1888 годзе, па ўказе расейскага імператара Аляксандра III, князю было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Гомеля”.

Даходны дом на Савецкай 8

Будынак даходнага дома ўзведзены ў 1894 годзе. Адметна, што ён уяўляе сабой тры збудаванні, злучаныя ў адзінае цэлае. Дом вылучаецца раскошнымі дэкаратыўнымі элементамі і цікавым афармленнем у стылі мадэрн. Будынак належаў купцу Лейбу Маянцу, які размясціў на першым паверсе крамы, а таксама натарыяльную кантору і слясарную майстэрню. На другім паверсе размяшчалася Першае гарадское вучылішча, дзе праходзілі падрыхтоўчыя курсы для будучых педагогаў.

А на трэцім паверсе здаваліся ў арэнду жылыя апартаменты. Пасля рэвалюцыі 1917 года будынак працягваў выкарыстоўвацца як навучальная ўстанова — на другім паверсе размясцілася школа, а на першым — крама прамысловых тавараў.

Руска-Азіяцкі банк на Савецкай 9

Пачаткова ў 1903 годзе ў Гомелі было адкрыта камісіянерства, а пазней аддзяленне, Паўночнага банка. Гэтая ўстанова стала важным цэнтрам эканамічнага жыцця горада, садзейнічаючы гандлю і развіццю прадпрымальніцтва. У сваю чаргу Руска-Азіяцкі банк з’явіўся ў 1910 годзе ў выніку зліцця Паўночнага і Руска-Кітайскага банкаў. Будынак для новай установы, які ўзвялі ў перыяд з 1910 па 1912 год на рагу вуліц Савецкай і Ланге (былых Румянцаўскай і Барона Нолькена), спраектаваў архітэктар Оскар Мунц. Незвычайнымі дэталямі будынка ёсць алегарычныя выявы бога-заступніка гандлю Меркурыя і жаночай фігуры ў антычным адзенні, якія атачаюць круглае акно на вежы.

Пазней, у 1917 годзе будынак быў нацыяналізаваны. За гады свайго існавання тут змяняліся розныя банкаўскія ўстановы, але архітэктурнае аблічча будынка захавалася без істотных змен.

Віленскі камерцыйны банк на Савецкай 17

У доме 1910 года, які быў пабудаваны па праекце архітэктара Станіслава Шабуневскага (па замове купца Дамброўскага) некалі знаходзіўся Віленскі камерцыйны банк. Дом адлюстроўвае спалучэнне стыляў мадэрн, класіцызм і ракако. Гісторыя будынка пачынаецца ў 1873 годзе, калі ў Вільні быў заснаваны Віленскі прыватны камерцыйны банк. Неўзабаве, у 1901 годзе ў Гомелі адкрылася яго аддзяленне. Пачаткова аддзяленне банка размяшчалася на другім і трэцім паверхах, а першы арэндавалі прадпрымальнікі. Падчас вайны ў памяшканні працаваў Гомельскі абкам камсамола. Падчас Другой сусветнай вайны будынак быў значна пашкоджаны, але ў 1947 годзе яго аднавілі, і сёння ў ім упраўленне адукацыі Гомельскага гарвыканкама.

Установы і будынкі па апісаных адрэсах ствараюць уражанне, што на пачатку ХХ стагоддзя вуліца Савецкая была сапраўдным бізнэсцэнтрам, як сказалі б сёння. Але гэта не ўсе з тых адметных і прыгожых аб’ектаў, якія там можна адшукаць. То варта наведаць Гомель, каб зрабіць уласныя адкрыцці гэтага прыгожага месца.

К.С., Беларускае Радыё Рацыя